08.09.2014 / 00:21

Музеі Лондана з Аляксеем Ластоўскім 8

У Лондане я быў ужо трэці раз у жыцці, першыя два якраз супадалі з рознымі канферэнцыямі, таму ў мэтах было хутчэй не бегаць па горадзе, высулупіўшы язык, каб паспець хоць краем вока паглядзець на асноўныя цікавосткі, а прысвяціць больш засяроджанай увагі важным кропкам.

Дзень першы

Зранку мы прылятаем рэйсам лаўкоста Wizzair з Вільні ў лонданскі аэрапорт Лутан. Крыху перажываў, як прайду пашпартны кантроль, бо не меў ніякіх запрашэнняў. Але афіцэр толькі пажадаў прыемнага адпачынку і спакойна прапусціў.

Аўтобусам да Лондана, і прыязджаем якраз на славутую Бейкер-стрыт, адкуль можна перасесці на неабходнае нам метро. Тут цяжка было стрымацца, каб не сфоткацца на фоне музея Шэрлака Холмса, надта каларытна звонку выглядае.

Першы дзень для мяне атрымаўся прагулачным, у разняволеным фармаце беньямінаўскага flâneur, а не ў звычайным для мяне шалёным тэмпе зведвання музеяў. 

Найперш мы скіраваліся ў раён лонданскага Сіці, і першай кропкай візіту стаў Барбікан, які ў Rough Guide характарызуецца як «фенаменальна брыдкае, дарагое, бетоннае гета».

Штосьці ў гэтай характарыстыцы ёсць, досыць няўдалы прыклад стварэння жытла 1970-х, але там зараз знаходзіцца і Barbican Arts Centre, вялізны культурніцкі комплекс, дзе адбываюцца розныя высокаўзроўневыя выставы. Недзека з паўгадзіны давялося блукаць у пошуках уваходу, што таксама можна дадаць у негатыўную карму архітэктарам.

Часовыя выставы не парадавалі, пра дызайнера Гацье — дакладна не мой фікус, Digital Revolution –- ужо больш прывабна, але як назло забыў узяць у паездку свой ISIC, і нармальны кошт для мяне апынуўся завысокім. Тут нядаўна публікавалі вынікі даследавання, паводле якога Лондан –- самы дарагі горад для зведвання музеяў. Сапраўды, калі асноўныя музеі –- бясплатныя, то адведванне часовых выстаў наносіць страшэнныя страты бюджэту, пры сярэдніх коштах у 10—15 фунтаў.

Але ў цэнтры Барбікана досыць прыгожы штучны вадаём, з пальмамі, хоць пальмы – гэта дакладна не тое, за чым я імкнуўся ў Лондан.

Побач знаходзіцца і музей Лондана (Museum of London), з бясплатным уваходам, які рыхтуецца да часовай выставы ўвосень пра ўсё таго ж Шэрлак Холмса, якая бясспрэчна стане турысцкім бестсэлерам.

Сам музей – досыць традыцыйны гарадскі музей, які пачынаецца ад археалагічных раскопак з касцьмі маманта і і скрабкамі, і складаецца пераважна з аб’ектаў, які прадстаўляюць штодзённы побыт гараджан. Шмат інтэрактыўнасці, розных дысплэяў, шмат што можна памацаць і г.д. Але цікавых артэфактаў – практычна няма, асабліва калі згадаць пра Венскі музей. Мне найбольш спадабалася рэканструкцыя квартала віктарыянскай эпохі, з невялічкімі крамамі, пабамі, майстэрнямі, блукаеш па гэтай прасторы — і пры багатым уяўленні можна сапраўды адчуць дух старога Лондана.

Непадалёк аўтэнтычны найстарэйшы кавалак Лондана – частка крэпасной сцяны яшчэ рымскага часу. Да гэтага часу мае функцыянальнае прызначэнне – у ценю хаваюцца ад сонца людзі, якія выбраліся на пікнік (хоць пасля спякотнага мінскага жніўня ў мяне адчуванне было, што патрапіў адразу ў восень). 

Далейшы маршрут пралягаў праз кафедральны сабор святога Паўла, вялізны гмах, які таксама аблеплены навокал аматарамі перакусіць. У сабор уваход платны, прытым з абсалютна фантастычным коштам зведвання – 16.50 фунтаў.

Але можна скарыстацца варыянтам для бедных, агледзець інтэр’еры з невялікай пляцоўкі на ўваходзе ля білетных касаў. Паколькі галоўная дамінанта сабора – крыштальная белізна і велічэзныя памеры, то, на маю думку, і такога мінімальнага агляду дастаткова. Гэта ж не італьянскія цэрквы, раўнавартасныя музеям, англіканскія цэрквы пурыстычна чыстыя, асабліва ў плане прысутных твораў мастацтва.

Далей селі на аўтобус (вельмі прыемны і разам з тым вельмі марудны від транспарта), каб даехаць да Трафальгарскай плошчы, адкуль ужо пешшу скіраваліся да Букінгемскага палаца. Хоць будынак авеяны легендамі і даўно ў статусе культурнай іконы, звонку выглядае сціпла. Улетку каралева пакідае гэту рэзідэнцыю, і будынак аддаецца на разадранне натоўпам турыстаў.

Білет лепш набываць за некалькі месяцаў загадзя праз інтэрнэт,

ды і пры наяўнасці шчаслівага квіточка чэргі страшэнныя. Пакуль што памкненне да зведвання Букінгемскага палаца не набыло ў мяне такой выяўленай формы, каб пераадольваць падобныя цяжкасці.

Пасля мы скіраваліся ў раён Кенсінгтан, дзе ўжо нашы шляхі разыйшліся. Андрэй і Надзея накіраваліся ў Музей Навукі (Science Museum), а я ўжо там быў у мінулы візіт, і вырашыў лепш пры добрым надвор’і паблукаць па Гайд-парк. На паўгадзінкі нават заваліўся на траўку, падрамаў пад сонейкам, пасля ранняга пералёту гэта было вельмі прыемна зрабіць.

Пасля закрыцця музея зноў сустрэліся і ўжо скіраваліся ў паб White Horse на Parsons Green.

Пабаў з такой назвай у Лондане з добры дзясятак, але гэта найлепшы — у плане выбару крафтавага піва. Я, напрыклад, знайшоў для сябе Founder’s All Day IPA, што ў прынцыпе і было галоўным матывам выбару гэтага паба, бо дадзены сорт мне быў жыццёва патрэбны для стратэгічнага чэкіна на Untappd.

Агулам сітуацыя з півам у Лондане за мінулыя дзесяць год кардынальна змянілася, калі раней быў спад мясцовага піваварэння, у пабах звычайна налівалі звычайныя еўрапейскія лагеры, то цяпер адбыліся дзве рэвалюцыі – найперш, падняўся прэстыж традыцыйных для Брытаніі стыляў (bitter, pale/golden ale, stout), узнікла шмат невялікіх па памерах бровараў (у адным Лондане – каля 50). Створана і адмысловая асацыяцыя, якая распаўсюджвае моду на real ales – CAMRA.

Цяпер ужо практычна ў кожным пабе можна знайсці традыцыйныя элі, ды яшчэ наліваюць помпай, што дадае піву асаблівую кансістэнцыю. Менш заўважная крафтавая рэвалюцыя, але і гэтыя павевы таксама даходзяць з Каліфорніі. Толькі ў дадзеным выпадку больш актыўны знакаміты шатландскі бровар Brewdog, які адчыніў некалькі сваіх пабаў у Лондане, а таксама піўная крама BottleDog (якую я таксама пазней наведаў).

Дзень другі

Планы давялося карэктаваць у залежнасці ад надвор’я, бо надалей абяцалі дождж, і пакуль на небе прысутнічала сонца, мела сэнс выбрацца ў Таўэр. Вось, за папярэднія два візіты Таўэр я так і не наведаў, толькі звонку паблукаў, Андрэй з Надзеяй таксама хацелі туды схадзіць, супольна і накіраваліся.

Наконт Таўэра былі перасцярогі, бо ў лонданскіх газетах (а там шмат бясплатных выданняў, якія раздаюцца ля метро) пісалі пра адкрыццё мастацкай інсталяцыі ля замка з удзелам каралеўскай сям'і. Але боязь дажджу абумовіла выбар.

І сапраўды, каля замку нас чакаў натоўп гледачоў ля паліцэйскага ачаплення, праз паўгадзіны абяцалі візіт каралеўскай сям’і для адкрыцця інсталяцыі «Скрываўленыя землі і моры чырвані» (Blood Swept Lands and Seas of Red) – вялізнага поля чырвоных керамічных макаў ля сцен Таўэра, дзе кожны мак сімвалізуе загінулага брытанскага салдата ў час Першай Сусветнай вайны. Усяго іх мусіць быць 888.246, плануюць да лістапада завяршыць. Прадстаўнікі дынастыі мусілі ўрачыста адкрыць інсталяцыю, якраз гэтымі днямі Брытанія і ўступіла сто год назад у вайну. Публікі было не так і шмат, як я чакаў, можна было знайсці нармальную пляцоўку для агляду, і мы вырашылі дачакацца пачатку цырымоніі. Сапраўды, а 11-й на полі каля сцен замка, запоўненым чырвонымі макамі, з’явіліся прынцы Гары і Уільям разам з герцагіняй Кембрыджскай (the Royals, як іх называюць у Брытаніі), пасадзілі па сімвалічным маку, герцагіня змахнула слязінку са шчакі – усё ўрачыста і прыгожа.

Праўда, не адбылося без інцыдэнтаў: як толькі каралеўскае трыё з’явілася ля сцен замка, апрануты ў чорнае маджахед непадалёк ад мяне пачаў громка выгукваць «Free Palestine!!!». Добра, што хоць бомбу не падарваў у знак пратэсту, а то не было б каму больш пісаць гэтыя радкі. 

Такім чынам, мы яшчэ і крыху нечакана для сябе паглядзелі на прадстаўнікоў брытанскай каралеўскай сям’і, што стала дадатковым прыемным сюрпрызам, асабліва для такога перакананага манархіста, як я.

Пасля цырамоніі скіраваліся ў Таўэр, дзе давялося адстаяць вялікую чаргу, каб патрапіць унутр.

Замак легендарны, узведзены яшчэ Вільгельгам Заваёўнікам, змяніў праз стагоддзі шмат функцый – каралеўскай рэзідэнцыі, турмы (чамусьці найбольш ён знакаміты менавіта ў гэтай форме), арсенала, склада, заапарка, музея. З гісторыі замка мне найбольш запомнілася гісторыя пакарання смерцю князя Монмута, якому кат шэсць разоў (!!!) безпаспяхова спрабаваў адсекчы галаву, урэшце давялося завершыць справу з дапамогай хірургічнага нажа. Вось як трэба трымацца за жыццё!

Замак добра так пагарэў у ХІХ стагоддзі, але паспяхова адноўлены, можна паблукаць па амаль аўтэнтычных сценах і вежах. Дзве асноўныя пярлінкі: каралеўскія каштоўнасці (амаль поўны набор з каронай і іншымі прадметамі, якія выкарыстоўваюцца пры каранацыі) і Белая вежа. Апошняя пабудаваная на замову Вільгельма, доўгі час там жылі каралі, але яшчэ ў мінулым стагоддзі яе пераўтварылі ў пляцоўку для рэпрэзэнтацыі каралеўскіх даспехаў для шырокай публікі. 

Абавязковая галачка пастаўленая, і мы праз Таўэрскі мост і па паўднёвым беразе накіраваліся да Tate Modern.

Адзін з найбольш вядомых музеяў сучаснага мастацтва, які найперш славіцца сваімі фундаментальнымі часовымі выставамі. Сталую экспазіцыю я ўжо два разы зведваў, таму той час, што застаўся, адвёў выключна пад дзве часовыя выставы – Маціса і Малевіча.

Анры Маціс «Cut-Outs». Хм, нават не ведаю, як лепш перакласці на беларускую мову назву выставы — выразкі, ці можа выцінанкі?

Але апошнія пры некаторым тэхнічным падабенстве (нажніцы плюс папера) робяцца ўсё ж па зусім іншых прынцыпах, чым у Маціса. 

Выстава прадстаўляе апошні этап творчасці вялікага французскага мастака, калі ён напачатку эксперыментаваў з паперай, каб пагуляць з кампазіцыяй, праверыць ракурсы і размешчанне дэталяў. Потым з-за праблем са здароўем нажніцы пераўтвараюцца ў галоўны інструмент, і змяняецца само бачанне «выразак» – яна становяцца мастацкім аб’ектам самі па сабе, са сваімі спецыфічнымі ўласцівасцямі і перавагамі, прастатой формаў і экспрэсіўнасцю. Выстава фенаменальная, вынік вялізнай працы куратараў і супрацоўніцтва шматлікіх вядучых музеяў, яна выдатна зроблена і храналагічна, і навукова, уражвае ахопам выстаўленых твораў.

Пры маім першапачатковым скепсісе (што можна зрабіць з нажніцамі? Ці гэта параўнальна з высокім мастацтвам?) я і сам паддаўся магіі гэтага мастацкага медыюма, тым больш у руках Маціса Мастак шмат выкарыстоўваў выразкі і для падрыхтоўкі іншых праектаў – вокладак кніг, габеленаў, асабліва цікавы фінальны праект яго жыцця – капліца ў Вэнс, якую ён пераўтварыў у храм святла і колераў. У апошнія годы жыцця ўсе сцены яго кватэры пераўтварыліся ў мастацкі салон з выразак, і аднаўленне гэтых сцен можна ўбачыць і на выставе – поруч з гіганцкімі творамі, якія Мацісу дапамагала рыхтаваць цэлая армія асістэнтаў. Выставу рэкламуюць як унікальную падзею, адзіную на стагоддзе – што ж, мушу пагадзіцца.

Натуральна, не мог абмінуць і манаграфічную выставу Казіміра Малевіча.

Нават калі не пагадзіцца з палкай аргументацыяй Сяргея Харэўскага пра беларускае паходжанне гэтага мастака, значнасць віцебскага перыяду яго творчасці не абмінеш, ды і ўрэшце гэта агульнапрызнаны лідэр авангарду. Зноў вынік супрацы шматлікіх інстытуцый, найперш, мова ідзе пра галандскі музей Стэдэлійк, які ў выніку кантрабаднага вывазу стаў галоўным захавальнікам твораў Малевіча – праўда, калекцыю моцна панішчылі спадчыннікі мастака, якія досыць шмат адгрызлі ў музея.

Выстава арганізаваная па зразумелым храналагічным прынцыпе, пачынаецца з ранняга этапу, захаплення моднымі на той час тэндэнцыямі – імпрэсіянізмам, сімвалізмам (адсюль дэманічны аўтапартрэт), потым па меры агульнамастацкага прагрэсу – кубізмам і футурызмам. Пры першапачатковых стылістычных запазычаннях у Малевіча заўважная і цяга да аўтэнтыкі, галоўныя героі яго прац — сяляне, фігурыстыя, злітыя з зямлёй і ўбудаваныя ў космас.

Вяршыня творчага росквіту Малевіча – заснаванне супрэматызму, з яго чысцінёй формаў і філасофскім радыкалізмам, з агульнавядомым «Чорным квадратам». Самую арыгінальную версію гэтай карціны не прывезлі, занадта крохкая для перавозкі. Але дзве іншыя версіі прысутнічаюць, нават практычна цалкам адноўленая «Апошняя выстава футурыстычнага мастацтва 0.10» Малевіча 1915 года – з усімі выжыўшымі да сучаснасці творамі з гэтай экспазіцыі.

Вялізная частка выставы адведзеная педадагічнай дзейнасці Малевіча ў Віцебску – дзе можна ўбачыць неймаверную колькасць твораў са школы УНОВІС, як выкладчыкаў (таго ж Лісіцкага), так і вучняў (цікава, многія з гэтых твораў чамусьці аселі ў Грэцыі). Апошні перыяд жыцця і творчасці Малевіча вельмі сумны, згортванне эксперыментаў ды авангардысцкіх настрояў пад прэсінгам сацрэалізму, вяртанне да фігуратыўнага мастацтва — у пакутлівых і прыгнечаных творах (з калекцыі Рускага музею). Заканамерны вынік саюзу з чырвоным д’яблам. 

Вечар — час для pub crawling. Спачатку я пацягнуў сяброў у Euston Tap, які рэкамендавалі ў якасці аднаго з лепшых пабаў у Лондане.

Выбар піва сапраўды надзвычай багаты, але ўмовы, каб яго піць – кхм, не самыя лепшыя, і пасля пары куфляў патупалі ў Камдэн, раён, пра які я шмат чуў. Ого, такая нефармальная сталіца, увасоблены ў гарадской прасторы культурны андэграўнд, надзвычай каларытнае месца. У якасці абавязковага пункта наведвання давялося завітаць у BrewDog Camden, але найбольш мне спадабаўся гатычны паб непадалёк — Our Black Heart (з добрым выбарам сартоў ад мясцовага камдэнскага бровара), атмасферны і ўтульны (у адрозненне ад большасці гатычных клубаў Германіі і Аўстрыі, якія нагадваюць скляпенні для катаванняў). І пешшу –- у Беларускі дом.

Дзень трэці

Абяцаны дождж так і не пайшоў, але гэта не стала падставай для расчаравання. Наперад, у музеі! На гэты дзень я запланаваў сабе Нацыянальную галерэю і крышачку Брытанскі музей. То бок, агледзень нармальным чынам, марудна, уважліва і паслядоўна галерэю, а калі застанецца час – то штосьці зірнуць і ў Брытанскім музеі. Абодва музеі я зведваў два разы, але з багаццем іх калекцый, гэта можна рабіць бясконца.

Нацыянальная галерэя — гэта як энцыклапедыя выяўленчага мастацтва, рэпрэзэнтаваны практычна ўвесь класічны жывапіс, усіх стыляў і эпох.

Нідзе больш такога фундаменталізму не сустракаў. Натуральна, што па асобных тэматыках можна знайсці і лепшыя калекцыі, але менавіта па агульным ахопе Нацыянальная галерэя вырываецца наперад сярод мастацкіх музеяў. Я і прысвяціў дзень акурат такому сёрфінгу па стылях, паплыўшы ад ранняй готыкі да пост-імпрэсіянізму.

Паўночны рэнесанс, які я заўжды шукаю, не дужа прадстаўнічы – крыху Мемлінга і Дзюрэра, тут ужо раскоша берлінскай калекцыі непераадольная. Але затое колькі прац Бацічэлі — розных часоў і розных фарматаў, праўда, пару прац занеслі на часовую выставу пра архітэктуру ў італьянскім жывапісе, хоць і бясплатную, але гэтым неяк комплекснасць уражання ад Бацічэлі сапсавалі. Наогул, італьянскі жывапіс прадстаўлены проста шыкоўна — і шэдэўры Рафаэля, і працы да Вінчы, і шмат рознага Тыцыяна і г.д. Натуральна, куды ж без Каналета, які і Лондан таксама маляваў. Вялізная калекцыя Рэмбранта, больш 20 прац, увосень жа ўвогуле плануецца мегавыстава позніх партрэтаў Рэмбранта. А колькі Веласкеса! Ёсць і англійскі жывапіс, няшмат, не параўнаць з багаццямі Tate Britain, але колькі выбітных і знакавых прац, у тым ліку і Цёрнера. Французскі жывапіс прадстаўлены зноў жа выдатнай калекцыяй імпрэсіяністаў. І, канечне, шэдэўры Ван Гога, сярод якіх зіхацяць «Сланечнікі». 

Яшчэ заставаліся дзве гадзіны на Брытанскі музей, які можна аглядаць толькі часткамі, інакш галава пойдзе кругам (аднойчы я ў гэтым ужо пераканаўся).

На жаль, чамусьці зачынілі аддзел з асірыйскімі барэльефамі палявання на львоў – і ў лепшых традыцыях, без усялякіх тлумачэнняў. Вырашыў тады зрабіць сабе элінскі экскурс: ад крыта-мікенскай культуры праз Парфенон да эліністычных культур. Найперш прыцягваюць некалькі маўзалеяў розных эпох, якія цалкам перавезеныя, але і менш масштабныя экспанаты вельмі цікавыя. Але славу Брытанскаму музею зрабіў Парфенон – барэльефы і гіганцкія скульптуры, якія былі вывезеныя (ці на думку сучаснага ўрада Грэцыі, скрадзеныя) падчас турэцкага панавання. 

Яшчэ адбывалася часовая выстава пра муміі, але яна мяне не зацікавіла.

На гэты вечар якраз запланаваная была размова пра Беларускі калегіюм, але пасля сустрэчы атрымалася яшчэ на пару гадзін завітаць у паб. Побач з Беларускім домам знаходзіцца паб Coronet, з досыць прыстойным выбарам (каля 20 разліўных real ales) і самымі нізкімі коштамі на піва, што я сустракаў у Лондане.

Дзень чацвёрты

Андрэй і Надзея скіраваліся ў Эдзінбург, у мяне ж быў запланаваны пераезд начным аўтобусам, таму меў перад сабою практычна поўны дзень. 

Накіраваўся я ў Imperial War Museum, думаў хутка яго агледзець і наведаць яшчэ Victoria & Albert Museum.

Хутка не атрымалася, ля ваеннага музея мяне чакала вялізная чарга. Перад гэтым у сярэдзіне ліпеня ў музеі адчынілася новая галерэя, прысвечаная Першай сусветнай вайне, і яна выклікала такі вялікі ажыятаж, што на ўваходзе раздавалі бясплатныя квіткі з азначаным часам для наведвання гэтай галерэі. Мне далі квіток на 14.00, то бок, яшчэ тры гадзіны мусіў чакаць свой час. Пайшоў тады зведваць іншыя сталыя галерэі, паколькі адзіная часовая была прысвечаная шпіёнам і скіраваная на дзяцей (я нешта падобнае бачыў у Нью-Ёрку, мне такога шчасця на ўсё далейшае жыццё хапіла).

Верхні паверх адведзены героям-ардэнаносцам – з біяграфіямі, апісаннямі іх гераічных учынкаў і фотаздымкамі. Амаль як наш музей ВАВ. Ніжэй – вялізная экспазіцыя пра Халакост. Што спадабалася, дык ясная наратыўная логіка і празрыстасць, любы чалавек, прайшоўшы выставу і ўважліва агледзеўшы экспазіцыю, будзе добра арыентавацца ў прадмеце. Прытым музейная экспазіцыя яўна зробленая з арыентацыяй на сучасныя навуковыя дыскусіі, напрыклад, шмат увагі надаецца такім гарачым тэмам? як удзел мясцовых усходнееўрапейскіх калабарацыйных фармаванняў у вынішчэнні габрэяў, роля ў Халакосце юдэнратаў альбо вельмі абмежаваная дапамога заходніх урадаў. Падавалася б, сюжэты маргінальныя, і можна было б іх абмінуць, тым больш у Лондане — каму тут цікавыя літоўскія ці ўкраінскія паліцэйскія?

Беларускі кантэкст таксама прадстаўлены адметна, вылучаецца тым, што мясцовыя габрэі, паводле меркавання стваральнікаў экспазіцыі, збягалі ў лясы і арганізоўвалі ўзброены супраціў. Падазраю, што тут не абышлося без кіношнай славы атраду братоў Бельскіх.

Агулам, практычна ўсе вайсковыя канфлікты ХХ ст., куды была ўцягнутая Брытанія, прадстаўленыя ў далейшай экспазіцыі шматмерна, з пазначэннем рознасці інтарэсаў, складанасці і ўплыву на лёсы простых людзей – з амаль адсутным гераічным пафасам. Неяк дзіўна гэта ўспрымаць пасля зведвання (пост)савецкіх музеяў, дзе заўжды падкрэсліваецца маральная правата і асабісты гераізм.

Але надышоў час і для галэрэі Першай сусветнай вайны.

Тут у мяне адразу вылезлі вочы на лоб, настолькі цікава была спраектаваная музейная прастора, адносна невялікае паводле памераў памяшканне было надзвычай удала апрацаванае. Гэта ўжо нейкі новы ўзровень музейных тэхналогій, прадуманасць у некалькіх вымярэннях, уклад вялізарных ведаў і культуры гістарычнага мыслення, творчага таленту і звышновых сродкаў. Зноў жа, падкрэсленая апавядальнасць, яснасць расповяду, але пры гэтым не адсякаецца складанасць гэтай еўрапейскай трагедыі. Вельмі якасна зробленыя мультымедыйныя інсталяцыі, якія апынуліся абсалютна да месца. Пастаянны націск на зрок і слых, але разам з тым гарманічны і не прыгнятальны для наведвальніка. Мегарэспект аўтарам гэтай экспазіцыі.

Пасля ўжо не заставалася сілаў на зведванне планаванага наступнага музея, вырашыў яшчэ разок паваляцца на траўцы ў Гайд-парку, тым больш што ўвечары збіраўся на BBC Proms.

Гэта яшчэ адна цікавая летняя імпрэза, у Royal Albert Hall штодня адбываюцца канцэрты класічнай музыкі, лепшых аркестраў, дырыжораў і выканаўцаў, прытым што яны адмыслова робяцца даступнымі для масавага гледача. Перад сцэнай прастора ачышчаецца ад крэслаў, і робіцца «фан-зона», куды можна набыць квіткі за 5 фунтаў.

Пануе абсалютна дэмакратычны стыль, ніякіх смокінгаў, захацеў — сеў на падлогу, у перапынку ўсе так і робяць. Можна і піва набыць ды пасмоктваць. Абсалютная разняволенасць.

Гэты вечар мною быў выбраны адмыслова, бо 1) выступаў сімфанічны аркестр BBC, адзін з лепшых сімфанічных аркестраў свету; 2) была цікавая праграма, дзе найбольш мяне інтрыгавала опера-араторыя Стравінскага «Цар Эдып», якую ніколі ўжывую не чуў.

Але пачалася праграма вечара з уверцюры Бетховена да оперы «Фідэліё», потым эклектычна працягнутая творам сучаснага аўстралійскага кампазітара Брэта Дзіна. І араторыя «Цар Эдып», адзін з шэдэўраў мадэрніцскага мастацтва, пранізлівы і філасофскі твор пра змаганне чалавека з лёсам. Са спевакоў нікога адмыслова вылучаць не стану, мяне найбольш уразіла праца хора — у дадзенай араторыі яму адводзіцца адмысловая роля, і хор ВВС справіўся з ёю бліскуча. Я быў сапраўды зачараваны.

Натхнёны, я выйшаў з канцэртнай залы і патупаў да аўтавакзала Вікторыя, дзе трэба было сесці на аўтобус да Эдынбурга. Надалей мяне чакала Шатландыя. Знайду час, напішу і пра гэту частку вандроўкі.

Аляксей Ластоўскі

0
Глыбоцкі малец / Адказаць
06.09.2014 / 22:29
Рэдакцыя напісала гэты загаловак, разлічваючы на сяброў рэдакцыі ці на беларускамоўнае кола Фэйсбуку. Аляксей Ластоўскі - гэта не Алесь Бяляцкі, не Уладзімір Арлоў і не Павал Севярынец. Большасці чытачоў НН яго прозвішча ў загалоўку нічога не скажа.
0
Satan / Адказаць
07.09.2014 / 00:35
2Глыбоцкі малец >Большасці чытачоў НН яго прозвішча ў загалоўку нічога не скажа. Ну, почему же? В заголовке ведь не написано Аляксей Ластоўскі? Написано просто Ластоўскі. Очевидно, что дар. рэд., упражняясь в троллинге дар. чыт., намекала на Вацлава. Ага жаренное, подумал Сатан, что же Вацлау делал в Лондоне? Да, Сатан повелся :(
0
askrealp / Адказаць
07.09.2014 / 00:44
Глыбоцкі малец напiсаў(ла) 6 верасня 2014 у 22:29 ~~~~ Прабачце, кажыце ад сябе. Мне, напрыклад, вашыя iмёны мала аб чым гавораць з кропкi гледжання мiжнароднай значнасцi, а тут цiкава пачытаць, щто людзi з Беларусi пiшуць пра брытанскiя музэi, якiя ŷce турысты Лондана ведаюць i iмкнуцца наведаць са ŷсяго сьвету. Пiшыце й пра Шатландыю, пан Ластоŷскi, i пра помнik Greyfriars Bobby ŷ Эдынбурге, якi ён заласьнёны ад рук усiх, хто яго гладзiць. 🐶
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру