Увядзенне памежнай тэрыторыі на мяжы Беларусі і Расіі не нясе прававых наступстваў для грамадзян, заявіў прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 4 верасня падпісаў указ № 433 «Аб унясенні змяненняў ва ўказ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 сакавіка 2009 г. № 125», якім устанаўліваецца прыгранічная тэрыторыя ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, што прымыкаюць да дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй.

«Гэта дазволіць стварыць умовы для рэалізацыі ўскладзеных на органы пагранічнай службы задач і функцый у межах гэтай мясцовасці, а таксама арганізаваць належнае ўзаемадзеянне з пагранічнымі органамі Расійскай Федэрацыі, накіраванае на вырашэнне задач па выяўленні і спыненні транзітнай незаконнай міграцыі, наркатрафіку і незаконнага перамяшчэння праз мяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцей», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Аляксандр Цішчанка адзначыў, што гаворкі аб стварэнні мяжы паміж дзвюма дзяржавамі не ідзе — дзяржмяжа існуе ў адпаведнасці з пастановай Вярхоўнага савета Беларусі ад 1993 года і будуецца па адміністрацыйна-тэрытарыяльным прынцыпе.

«Але праблемы пагранічнай бяспекі існуюць і на ўнутраных межах, — адзначыў прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта. — Указ прэзідэнта неабходны для ўдасканальвання прававых умоў дзеяння памежнікаў на прыгранічных тэрыторыях, узаемадзеяння з расійскімі калегамі. У тым ліку для таго, каб пагрозы не перамяшчаліся на знешнія межы. Каб палепшыць умовы прымянення сіл і сродкаў, якія забяспечваюць пагранічную бяспеку. Хаця мяжа і адміністрацыйная, праблемы вырашаць неабходна».

«Палітычнай падаплёкі ва ўказе шукаць не варта», — заявіў прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?