Трэці год у Берасці праводзіцца аператыўная акцыя «БОМЖ». Падчас аперацыі супрацоўнікі міліцыі ловяць і спец машынамі вязуць на санітарную апрацоўку людзей без вызначанага месца жыхарства. Затым бяздомныя людзі праходзяць флюараграфічнае абследаванне, у іх бяруць аналіз крыві. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку і іншыя міліцэйскія падраздзяленні падоўгу гутараць з затрыманымі, робяць відэаздымку і бяруць адбіткі пальцаў для архіва.

Амаль палова з усіх затрыманых пакутуюць рознымі формамі педыкулёзу. Падчас аглядаў выяўляюцца таксама хворыя сухотамі і Снідам, рознымі венерычнымі захворваннямі. У санпрапускніку ўсе заражаныя педыкулёзам пазбаўляюцца сваіх валасоў і апрацоўваюцца адмысловым растворам, усё іх адзенне знішчаецца. Наўзамен выдаецца чыстая бялізна і вопратка. Па словах арганізатараў акцыі «БОМЖ», у нашым памежным горадзе ўжо даўно наспела праблема арганізацыі месца начлегу для бяздомных. Для гэтага варта аб’яднаць намаганні дабрачынных арганізацый, рэлігійных суполак і праваахоўных органаў. Ды і гараджане не павінны заставацца ўбаку ад праблемы, бо ім таксама замінаюць гэтыя людзі, якія нярэдка ў халодны час начуюць у пад’ездах і падвалах. Дарэчы, у Менску і Гародні гэтую праблему ўжо вырашылі, адкрыўшы для іх такія месцы начлегу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?