Якімі межамі мы задаём і вызначаем сучаснасць? З дапамогай якіх сродкаў рэалізуем сябе ў ёй? На якой мове разумеем, тлумачым і вызнаём? Без адказу на гэтыя пытанні немагчыма распачаць працу Універсітэта.

9 верасня 2014 г. Лятучы абвяшчае пра пачатак новага ўніверсітэцкага года і запрашае да ўдзелу ўсіх зацікаўленых справай Універсітэта і мыслення разам, каб зарыентавацца ў прасторы і часе, у актуальных пытаннях і магчымасцях адказаў на іх - у тым, ЯК, ДЗЕ, З КІМ і ЯКІМ ЧЫНАМ суаднесці сябе, час і грамадства.

Сёлета ў праграме Лятучага аж 5 курсаў, звязаных з гісторыяй. Сярод іх — Школа ВКЛ, якую распачынае Алег Дзярновіч.

У межах імпрэзы Лятучага вы будзеце мець магчымасць пачуць уяўленні, развагі і пытанні, з якімі распачынаюць працу ў новым годзе чальцы калегіума Лятучага, абмеркаваць планы і магчымасці рэалізацыі сябе і сваіх інтэлектуальных памкненняў, бліжэй пазнаёміцца з выкладчыкамі і саўдзельнікамі ў будучай працы.

Традыцыйна на сустрэчы можна будзе даведацца пра новую Праграму на 2014-2015 г.г. Арганізатары прадугледжваюць і нефармальную частку – мажлівасць непасрэднага сумоўя за кавай-гарбатай у асяроддзі лектараў курсаў і публічных лекцый, вядучых школ і семінараў, арганізатараў універсітэцкіх пляцовак.

Імпрэза з нагоды пачатку ўніверсітэцкага году ў Лятучым «Універсітэт і сучаснасць» адбудзецца 9 верасня а 18.30 у прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58/к.6, праход праз вул. Броўкі). Уваход вольны!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0