Мішэль Плаціні і Зэп Блатэр

Мішэль Плаціні і Зэп Блатэр

Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі футбола Зэп Блатэр пацвердзіў свой удзел у выбарах прэзідэнта ФІФА, запланаваных на май 2015 года.

Блатэр кіруе арганізацыяй цягам 16 гадоў, з 1998-га, і чарговы тэрмін на пасадзе прэзідэнта можа стаць для яго ўжо пятым.

Галоўны апанент Зэпа Блатэра — прэзідэнт УЕФА Мішэль Плаціні — раней заявіў, што вырашыў не ўдзельнічаць у выбарах і асяродзіцца на працы ў Саюзе еўрапейскіх футбольных асацыяцый.

У чэрвені француз заяўляў, што больш не будзе падтрымліваць кандыдатуру Блатэра на выбарах, бо ФІФА патрабуе «глытка свежага паветра».

78-гадовы Зэп Блатэр абвясціў пра ўдзел у чарговых выбарах у відэаінтэрв'ю, якое было прадэманстравана на канферэнцыі «Сокарэкс» у Манчэстэры.

Пакуль адзіны кандыдат, які падаў афіцыйную заяўку на выбары, — экс-намеснік генеральнага сакратара ФІФА Жэром Шампань.

На думку экспертаў, адсутнасць Мішэля Плаціні сярод кандыдатаў на пасаду прэзідэнта фактычна гарантуе пераабранне Зэпа Блатэра.

Дарэчы Блатэр сёння пракаментаваў сітуацыю з магчымым байкотам ЧС-2018 у Расіі, да якога заклікаюць заходнія чыноўнікі.

«Так, я чуў пра тое, што гучаць галасы пра байкот ЧС-2018 у Расіі, але байкот у спорце ніколі не прыносіў нікому ніякай карысці. Давайце пачакаем развіцця геапалітычнай сітуацыі.

Мы па-ранейшаму працуем з Расіяй, тры тыдні таму я быў у Расіі, рэгулярна атрымліваю справаздачы, што там адбываецца», — сказаў кіраўнік ФІФА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?