Рост закупачных цэнаў на малако ў лістападзе ў адмоўна адаб’ецца на фінансавым стане малакаперапрацоўчай галіны.

Айчынныя малаказаводы нясуць страты праз апярэджаньне росту закупачных цэнаў адносна цэнаў на гатовую прадукцыю. Найбольш складаная сытуацыя паводле «Экономической газеты» склалася на прадпрыемствах, у структуры перапрацоўкі якіх пераважае цэльнамалочная прадукцыя. «Гарадзкі малаказавод №1» па выніках году можа недалічыцца да Br1,5 млрд. У выніку кастрычніцкага скачка цэнаў, у лістападзе рэнтабэльнасьць прадпрыемства зьнізілася да ‑3‑4%. Пазьбегнуць адмоўнай рэнтабэльнасьці вытворчасьці па выніках году дапамогуць толькі сродкі, назапашаныя ў выніку летняга ажыятажу на малочныя прадукты.

Ня лепшы час перажываюць таксама арыентаваныя на экспарт прадпрыемствы — рэнтабэльнасьць вытворчасьці ў ААТ «Лідзкі малочна‑кансэрвавы камбінат» напрыканцы году зьнізіцца на 18%.

На некаторых прадпрыемствах сытуацыю ўскладняе сэзоннае павелічэньне вытворчасьці цэльнамалочнай прадукцыі, што адносіцца да сацыяльна значнай. Прадпрыемствы сутыкаюцца з праблемай скарачэньня экспарту, каб выканаць заданьне ўраду па насычэньне ўнутранага рынку, найперш буйных гарадоў. Не суцяшаюць прагнозы наконт зьніжэньня закупачных коштаў на сухою малако, якое давала вялікія прыбыткі айчынным вытворцам.

Варта нагадаць, што за апошні год закупачныя цэны на малако ўзрасталі чатыры разы, у суме гэты рост склаў 25%. Цэны на сацыяльна значныя малочныя прадукты ў залежнасьці ад іх тлустасьці вырасьлі на 6‑14,8%.

СП, паводле «Экономической газеты»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0