«Нас гэта не павінна расслабляць. Мы добра ведаем свайго ворага і цану яго слоў. У мяне няма ілюзій адносна нашага праціўніка, але ёсць надзея» — так ахарактарызаваў падпісаны 5 верасня ў Мінску пратакол аб спыненні агню прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас паездкі ў Марыупаль 8 верасня.

«Веру, што намаганні дыпламатаў будуць паспяховымі», — заявіў Парашэнка на сустрэчы з байцамі Нацыянальнай гвардыі, тэрытарыяльнай абароны і Дзяржаўнай пагранічнай службы, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, найбліжэйшым часам чакаецца павелічэнне місіі АБСЕ па кантролі рэжыму спынення агню на 500 назіральнікаў. Парашэнка адзначыў, што ў цэлым рэжым спынення агню выконваецца, за выключэннем інцыдэнтаў у Данецку і Марыупалі.

Прэзідэнт паведаміў, што ўкраінская армія зменіць абарону як у тактычным, так і ў стратэгічным плане. Гэтаму павінна садзейнічаць пашырэнне супрацоўніцтва з НАТА. «З шэрагам краін НАТА ўдалося дамовіцца аб прамой пастаўцы сучаснай зброі, якая дапаможа нам абараніцца і перамагчы. Хаця мы разлічваем толькі на сябе, нам жыццёва неабходная фінансавая і тэхнічная ваенная дапамога. І мы яе атрымаем», — упэўнены Парашэнка. «Нам патрэбная сучасная армія, таму што размова ідзе не толькі пра свабоду Украіны, але і пра свабоду і незалежнасць усёй Еўропы», — дадаў ён.

Украінскі кіраўнік таксама паведаміў, што дзякуючы рэалізацыі пунктаў мінскага пратакола з палону 8 верасня вызвалена 20 украінскіх ваеннаслужачых. Гаворачы пра дакумент, прэзідэнт адзначыў, што ён утрымлівае 12 пунктаў, але «важныя дзве рэчы: вывад войскаў і ўзяцце пад кантроль мяжы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?