Гурт Dzieciuki запісаў для праекту «Re:Песьняры» песьню «А хто там ідзе» на клясычны верш Янкі Купалы, які па-ранейшаму надзвычай актуальны.

Песьня «А хто там ідзе» у выкананьні «Песьняроў» лічыцца рарытэтнай. Яна афіцыйна не выдавалася і была запісаная для мастацкага фільму «Раскіданае гняздо» рэжысэра Барыса Луцэнкі, які пабачыў сьвет у 1982 годзе на 100-годзьдзе паэта. Мулявін неаднойчы казаў, што Янка Купала – яго самы ўлюбёны паэт, які адкрыў для яго беларускі сусьвет. Таму на яго вершы ствараліся ня толькі асобныя вершы, але і цэлыя цыклі. Арыгінальную музыку да гэтай песьні напісаў славуты кампазытар Сяргей Картэс, на той час галоўны музычны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Сяргей Альбертавіч даў асабісты дазвол на выкарыстаньне кампазыцыі ў праекце «Re:Песьняры».

Менавіта за пераасэнсаваньне гэтага сьпеву ўзяўся фольк-панк гурт Dzieciuki. У іх інтэрпрэтацыі з дудой і акардыёнам яна набыла маршавую афарбоўку. «Нам падаецца, што яна пасуе пад наш імідж, калі так можна казаць. Нам прыйшлося папацець, бо песьня вельмі складана арынжыравана! У нашым варыянце яна выйшла качова-маршавай, даволі цяжкой і не зусім уласьцівай для нас у музычным пляне», – кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў. Музыка прызнаецца, што ў часы сваёй панк-маладосьці ўспрымаў «Песьняроў» за афіцыйны гурт, творчасьць якога яго зусім не захапляла. Але зь цягам часу зьмяніў сваё стаўленьне: «Песьняры - гэта ня толькі візытоўка Беларусі, але сапраўды Зьява з вялікай літары! З музычнай кропкі погляду гэты гурт дакладна на дзесяць галоў вышэй за ўсялякія «Верасы» і «Сябры». Плюс яны, у адрозьненьні ад вышэй пералічаных, заўсёды стараліся дыстанцавацца ад улады і займацца менавіта музыкай».

«А хто там ідзе» можа ўвайсьці ў сталы канцэртны рэпертуар гурта. Музыкі мяркуюць, што ўжывую яна будзе больш харавой, бо словы гэтай песьні павінен ведаць кожны беларус.

А хто там iдзе, а хто там iдзе
У агромнiстай такой грамадзе?
­– Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,
На руках ў крывi, на нагах у лапцях?
– Сваю крыўду.

А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць напаказ сваю?
– На сьвет цэлы.

А хто гэта iх, на адзiн мiльён,
Крыўду несьць наўчыў, разбудзiў іх сон?
– Бяда, гора.

А чаго ж, чаго захацелася iм,
Пагарджаным век, iм, сьляпым, глухiм?
– Людзьмi звацца.

Паслухаць песню можна на сайце Tuzin.fm.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0