Стаўка арэнды ў дзяржаўным арэндным жыллі ў Беларусі будзе складаць прыблізна 50% ад рыначнай, паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, адказваючы на пытанне 9 верасня ў рамках адкрыцця будаўнічай выставы ў Мінску. 

«Што датычыцца цаны пытання, то яна будзе ўстаноўлена на ўзроўні ўрада, але яна будзе ніжэйшай, чым рыначная. На рынку прапаноўваецца галоўным чынам арэнднае жыллё з мэбляй. Мы ж прапаноўваем жыллё без мэблі. Тут ёсць пытанне акупнасці дамоў. Ва ўсім свеце сродкі, выдаткаваныя на будаўніцтва, дзеляцца на перыяд акупнасці, на 20 гадоў, і атрымліваецца цана. Мы ж у рамках сацыяльнай абароны насельніцтва ідзем па іншым шляху, шляху магчымасцяў насельніцтва. Рынак арэнды жылля створаны. Мы плануем стаўку ў межах 50% рыначнага кошту. Але канчатковую суму і падыходы мы назавем у канцы бягучага тыдня», — сказаў Калінін. 

Ён нагадаў, што 8 верасня адбыўся даклад у кіраўніка дзяржавы, дзе «былі пастаўлены пэўныя задачы». «Што датычыцца падыходаў, якія павінны быць па даручэнні кіраўніка дзяржавы выпрацаваны ўрадам, то яны будуць зроблены на працягу гэтага тыдня. Мы пазначым цэнавы дыяпазон, умовы, крытэрыі, хто і як будзе атрымліваць арэнднае жыллё», — паведаміў намеснік кіраўніка ўрада. 

Паводле слоў Калініна, арэнднае жыллё складае значную долю ў агульным аб'ёме будаўніцтва жылля. «Сёлета мы плануем пабудаваць 330 тыс. квадратных метраў супраць 30 тыс. у мінулым. Такі вось аб'ём і дынаміка. Па выніках паўгоддзя мы наблізіліся да 100 тыс. квадратных метраў», — сказаў ён. 

Намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў, што з будаўніцтвам арэнднага жылля ў Беларусі ствараюцца ўмовы для свабоднага перамяшчэння маладых кадраў па краіне, у залежнасці ад месца працы. «Дзе ёсць праца, там ёсць жыллё. Гэта новы від паслуг у жыллёвай палітыцы, які дазваляе рухацца больш дынамічна», — лічыць Калінін. 

Віцэ-прэм'ер паведаміў, што наведаў чатыры дамы ў комплексе «Магістр» у Мінску. «Павінен сказаць, што ўзровень высокі. Ніякіх няма прэтэнзій да якасці будаўніцтва, памяшканні ўсё вычышчаны, вокны вымыты, устаноўлена сучаснае інжынернае абсталяванне, прыязджай і жыві», — адзначыў Калінін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?