Беларусь прапаноўвае польскаму бізнесу ствараць сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці і перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства з наступнай рэалізацыяй гатовай прадукцыі на рынку Мытнага саюза,

паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун 9 верасня ў Мінску падчас перамоў з польскімі бізнесменамі. 

У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Мінсельгасхарча, канцэрна «Белдзяржхарчпрам», больш як 30 перапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі, а таксама больш як 10 польскіх садаводчых кампаній. 

Падчас перамоў беларускі бок прапанаваў польскім бізнесменам не толькі пастаўляць сыравіну на беларускія перапрацоўчыя прадпрыемствы для яе наступнай перапрацоўкі, вырабу гатовай прадукцыі і экспарту на знешнія рынкі, але і ўкладваць грошы ў мадэрнізацыю ўжо існых і стварэнне новых прадпрыемстваў. Акрамя таго, беларусы прапанавалі польскім інвестарам стварыць сумесныя прадпрыемствы або купляць ужо наяўныя цалкам. 

Як падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў, ва ўмовах расійскага харчовага эмбарга беларускія і польскія прадпрыемствы «павінны знайсці найбольш хуткія шляхі вырашэння», каб запоўніць нішу, што ўтварылася на расійскім рынку. 

Нагадаем, 6 жніўня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які забараняе ўвоз у Расію харчавання з ЕС, ЗША, Канады, Японіі і Аўстраліі. Гэтае рашэнне стала адказам на заходнія санкцыі ў дачыненні да расійскіх чыноўнікаў і арганізацый. У спіс забароненых тавараў трапілі ялавічына, свініна, птушка, садавіна, агародніна, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты. 

24 жніўня міністр сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Польшчы Марак Савіцкі заявіў, што польскі бок гатовы абмяркоўваць з беларусамі стварэнне сумесных прадпрыемстваў. 

«Беларускі бок паставіў перад намі пэўныя ўмовы — уваходзіць у Беларусь не проста са сваім таварам, перапрадаваць яго ніхто не будзе, а са сваімі інвестыцыямі і тэхналогіямі», — сказаў польскі міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?