Сталічнымі праваахоўнікамі затрыманы мужчына, які страляў з пнеўматычнага пісталета па аўтатранспарце. У яго кватэры знайшлі памяшканне, дзе той вырошчваў каноплі для вырабу марыхуаны.

Відавочца, які патэлефанаваў у дзяжурную частку, паведаміў, што мужчына сярэдніх гадоў страляе з пнеўматычнага пісталета па двух прыпаркаваных аўтамабілях каля крамы па вуліцы Каліноўскага. Відавочца таксама паказаў супрацоўнікам міліцыі пад'езд жылога дома, куды накіраваўся падазраваны.

Па гэтым адрасе было выяўлена меркаванае жыллё падазраванага, але сам ён паспеў знікнуць. На наступны дзень інцыдэнт паўтарыўся ўжо на вуліцы Кнорына, дзе той жа мужчына страляў з пнеўматычнага пісталета па тралейбусе, пасля чаго таксама знік у невядомым кірунку.

У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС Мінска стралок быў затрыманы. Ім аказаўся 39-гадовы безпрацоўны мужчына. Пнеўматычную зброю затрыманы набыў праз Інтэрнэт.

Як паведамляе прэс-служба Першамайскага РУУС Мінска, падчас агляду здымнай кватэры падазраванага было выяўлена спецыяльна абсталяванае памяшканне для вырошчвання канопель.

Акрамя таго міліцыянты знайшлі асабісты дзённік, куды затрыманы запісваў усе свае адчуванні пасля здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў і плануемыя злачынствы.

Па гэтых запісах можна меркаваць аб тым, што ажыятаж і паніка, якія ўзнікалі на месцах злачынстваў, мужчыну падабаліся.

Следчымі дзеі падазраванага былі кваліфікаваныя як злачынствы, прадугледжаныя ч.1 арт.328 Крымінальнага кодэкса РБ («Незаконны абарот наркотыкаў»), а таксама па ч.1 і ч.2 арт. 339 («Хуліганства»).

Прызначаны экспертызы наконт канфіскаваных падчас агляду кватэры канопляў, абсталявання для іх вырошчвання, прыстасаванняў для курэння, а таксама пнеўматычнага пісталета з газавымі балонамі і металічнымі шарыкамі, што выкарыстоўваюцца для стральбы.

У ходзе расследавання будуць устаноўлены матывы злачынстваў, памеры шкоды, нанесенай ўладальнікам транспартных сродкаў, іншыя акалічнасці па справе. Варта адзначыць, што за ўчыненне гэтых злачынстваў заканадаўствам прадугледжана адказнасць, звязаная з пазбаўленнем волі: за незаконны абарот наркотыкаў - да 5 гадоў, за злоснае хуліганства - да 6 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?