Станіслаў Шушкевіч

Фрагмэнт інтэрвію Станіслава Шушкевіча выданьню Вовремя.info

Ёсьць меркаваньне, што сёньня Беларусь стала своеасаблівым палігонам для так званых рэаніматараў СССР. Ці так гэта і да чаго гэта можа прывесьці?

Гэта так, але дасягнуць яны таго самага, што і рэаніматары іншых імпэрый — Рымскай, Аўстра‑Вугорскай, Асманскай і інш.

Самае мярзотнае, што рэжым Лукашэнкі зьнішчае прафэсійную інтэлектуальную эліту Беларусі. Ці можна якімсьці чынам спыніць гэты працэс?

Прафэсіяналы й інтэлектуалы — не заўжды адно і тое ж. Прафэсіяналы патрэбныя рэжыму Лукашэнкі ў той жа ступені, у якой патрэбныя былі бальшавіцкім камісарам пасьля кастрычніцкага перавароту. Патрэбныя ня толькі ў эканоміцы, навуцы, тэхніцы, але і ў абласьцях ідэалёгіі. Апошнія, праўда, мусяць безагаворачна падтрымліваць уладны рэжым усімі праўдамі, якія знайсьці наўрад ці можна, і няпраўдамі, якія яны абавязаныя прыдумляць і выдаваць за праўду.

Сёньня ў Беларусі працягваецца вынішчэньне нацыянальнай эліты. Працягваецца рознымі спосабамі, напрыклад, гвалтоўнай русіфікацыяй, перакручанай адукацыяй, выштурхоўваньнем у эміграцыю й г.д. Спыніць працэс складана і пры традыцыйный беларускай дысцыплінаванасьці, працавітасьці і, як гэта ні дзіўна, пры высокім прафэсіяналізьме — доля высокакваліфікаваных працоўных у Беларусі ў некалькі разоў перавышае эквівалентны паказьнік у Расеі! За эквівалентную працу вы можаце зарабіць у Польшчы ў 3,5‑4 разы болей, чым у Беларусі, ня кажучы ўжо пра краіны Заходняй Эўропы або Канады і ЗША. Таму зьяжджаюць. Як правіла, пацьвярджаюць рэпутацыю беларусаў як добрасумленных, і, паўтараю, дысыцплінаваных, кваліфікаваных працаўнікоў. Многія сотні (!) маладых людзей вучацца ў ВНУ Польшчы, Чэхіі й іншых краін, зьяўляюцца саіскальнікамі навуковых ступеняў у прэстыжных унівэрсытэтах.

Пытаньне ў тым, ці вернуцца? Хто‑ніхто вернецца. Калі ж нармалізуецца палітычная абстаноўка, то вернуцца многія. А сёньня — зьяжджаюць. Кожны чацьвёрты шлюб у Палацы шлюбаў у Менску — з іншаземцам або іншаземкай.

Ці магчымае ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі, ці гэта ня больш як палітычны хітрык Лукашэнкі?

Расейскае кіраўніцтва шалёна хоча зрабіць Беларусь сваёй губерніяй. Хаця б у кампэнсацыю за той нэгатыўны імідж, які яно мае як пераемнік рэжымаў, якія патапталі інтарэсы многіх народаў на тэрыторыі Расеі. Лукашэнка гэтым карыстаецца.

Вы неяк сказалі ў адным інтэрвію, «Я цяпер да вас прыехаў з Савецкага Саюзу. У нас адбудоўваюцца савецкія парадкі». Сёньня Беларусь — гэта СССР у мініятуры?

Так, даволі падобна. Адрозьненьне толькі ў тым, што большасьць незаконных дзеяньняў улады нават не прыкрываецца шырмай прыстойнасьці.

Аднойчы вы сказалі: «Дажыць бы да краху Лукашэнкі…» А калі ён вылучыць сябе на чацьвёрты, пяты, шосты тэрміны?

Крах адбудзецца да прапанаваных вамі вылучэньняў.

Паводле: Вовремя.info, гутарыў Віктар Каспрук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0