Хочаш размахваць зброяй — размахвай. Спаборнічай з іншымі, пакажы сваю сілу. Прышпілі георгіеўскую стужачку і праслухай лекцыі пра моц Савецкага Саюза, пагрозу НАТА і тупаватых палітыкаў з тваёй уласнай краіны. Так вучылі літоўскіх рускіх — так вучаць і беларускі Румол, i моладзь з iншых падобных арганізацый.

 

Так у некалькіх фразах можна ахарактарызаваць лагер у Расіі, у якім, мяркуючы па інфармацыі ў СМІ, нядаўна правяла час група маладых людзей з Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Ідылія — гераічныя дзеці з Кіева

У жніўні ў Кіргізіі прайшло мерапрыемства «Саюз 2014 — Нашчадкі Перамогі». Назва пра многае гаворыць. Яшчэ больш гавораць арганізатары мерапрыемства.

Лагер «Нашчадкаў Перамогі» характарызуецца як «міжнародны моладзевы адукацыйны збор ваенна-спартыўных арганізацый і кадэцкіх карпусоў». Як піша «Русская газета», праект на самой справе «геапалітычны». Адзін з прыкладаў — апісаная ў газеце гісторыя, як удалося прывезці ў лагер юнакоў з Малдовы, і яны «ўсталі ў адзін строй з аднагодкамі з Прыднястроўя».

Асобны эпізод у публікацыі газеты прысвечаны дзецям з Украіны, якіх нібыта прывезлі з Кіева дзве настаўніцы, якія здзейснілі «гераічны ўчынак». Украінскія дзеці паказалі, што «яны нашчадкі воінаў-пераможцаў, а не паліцаяў і лясных бандытаў».

Газета піша, што з цяжкасцю ўдалося прывезці і дзяцей з краін Балтыі. Праўда, перад гэтым нагадвае аб пазіцыях Літвы, Латвіі і Эстоніі на міжнароднай арэне.

«Прыбалтыка дэманстратыўна ўстае на бок НАТА ва ўсім, што накіравана супраць Расіі. Нават калі гэта шкодзіць яе нацыянальным і эканамічным інтарэсам. Нягледзячы на гэта, ужо некалькі гадоў запар на зборы «Саюз» прыязджаюць каманды навучэнцаў з Латвіі, Літвы і Эстоніі. Гэта стала магчымым дзякуючы аднаму чалавеку — Сяргею Івансу», — піша «Руская газета», якая называе грамадзяніна Латвіі Іванса «былым дэсантнікам, «афганцам» (…) і неабыякавым чалавекам». У газеце сцвярджаецца, што Іванса нават спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за тое, што «пад прыкрыццём «Саюза» у Расіі рыхтуюць маладых дыверсантаў».

Праграма: стральба, спаборніцтвы, лекцыі аб славутым савецкім мінулым

У ліку новаўвядзенняў лагера «Русская газета» згадвае, напрыклад, «спаборніцтвы па тактычнай спецпадрыхтоўцы, характэрныя для спецпадраздзяленняў арміі».

Стралялі нібыта з пнеўматычнай зброі, але спаборніцтвамі па стральбе кіравалі «сапраўдныя прафесіяналы»: афіцэры атрада «Альфа».

Газета апісвае ўвесь спектр дзейнасці лагера. У тым ліку — лекцыі заснавальніка прапагандысцкага канала ANNA-news Марата Мусіна пра «журналісцкую мінуўшчыну ў Лівіі, Сірыі, кіеўскім Майдане і на паўднёвым усходзе Украіны».

Партал news-asia.ru цытуе заяву Мусіна, у якім шмат настальгіі па савецкім часе, антызаходніх лозунгаў, актыўнай агітацыі моладзі з заклікамі дзейнічаць у сваіх краінах.

«Рэальнасць такая, што Амерыка не адмаўляецца ад запланаваных дзеянняў. Пытанне кансалідацыі актуальнае, былыя краіны СССР павінны захаваць адзінства. Цяпер мы бачым, як палае Украіна — наша братняя краіна, і ведаем, хто за гэтым стаіць.

У той жа час, ваенна-патрыятычнае, інтэрнацыянальнае выхаванне ў большасці былых савецкіх краін застаецца за бортам. Гэтай працай займаюцца альтруісты. Я лічу, што ўклад кожнага з вас не дазволіць патэнцыйнай небяспецы распаўсюдзіцца ва ўсіх рэспубліках, стане процівагай распальванню варожасці», — цытуе прамову прапагандыста news-asia.ru.

Ідэалогія, заснаваная на «Інтэрнацыянале». Знаёма?

Не шкадуе хвалы лагеру «Саюз» і news-asia.ru. Адзін з арганізатараў лагера — былы інструктар спецпадраздзялення, а цяпер «паспяховы расійскі бізнэсмэн» Алег Баканач адкрыта распавёў, што мэта «Саюза» — абуджэнне савецкага духу ў рускамоўнай моладзі з краін былога СССР.

«Пасля распаду Савецкага Саюза стала відаць, што здабыўшы незалежнасць, рэспублікі пайшлі шляхам рэгрэсу, пачалі аддаляцца адна ад адной. Тады і нарадзілася ідэя арганізаваць ваенна-патрыятычныя зборы, якія маглі б аб'ядноўваць нашу моладзь пад агульнай ідэяй інтэрнацыяналізму», — сказаў Баканач.

Як пераломны момант news-asia.ru вылучае лагер 2010 года, у якім было вырашана змяніць правілы — у ваенна-патрыятычных спаборніцтвах удзельнічалі ўжо не каманды асобных краін: маладыя людзі ўжо чацвёрты год размяркоўваюцца ў «інтэрнацыянальныя» часткі.

«Цяпер у кожным атрадзе прадстаўнікі ўсіх рэспублік. Няма духу суперніцтва, няма дзяржаўнага або нацыянальнага супрацьстаяння», — цешыцца галоўны арбітр спаборніцтваў, герой Расіі Саліжан Шарыпаў.

На партале асцерагаюцца, што дзеці з лагера, вярнуўшыся ў краіны Балтыі, будуць пераследвацца. «Невядома, як сустрэнуць у гэтым годзе сваіх кадэтаў Латвія, Літва, Эстонія, Малдова і Украіна. Мяркуючы па тым, што кіраўнікам каманд давялося вывозіць дзяцей абходнымі шляхамі, прыём наўрад ці будзе цёплым», — палохае news-asia.ru.

Таксама ў публікацыі цытуецца нібыта пражывае ў Літве Раман Абрамаў. «Гэты праект вельмі важны, асабліва для краін Прыбалтыкі. За апошні час у нас у Літве зноў ўзмацніліся нацыяналістычныя настроі. (…) У рэгіёнах нашай краіны жыхары думаюць, што вось-вось і пачнецца вайна з Расіяй. Тут нашы дзеці бачаць усё на свае вочы, вучацца вырашаць праблемы разам і сумесна пераадольваць усе цяжкасці», — сцвярджае Абрамаў.

Малюкявічус: небяспека сур'ёзная

Выкладчык Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук Нерыюс Малюкявичюс сказаў, што «Саюз» спрабуе распаўсюджваць ідэалогію Масквы.

«Пагроза — гэта не толькі Пуцін і яго асяроддзе. Пагроза — гэта пэўная экстрэмісцкая ідэалогія. Ідэалогія «Рускага свету», ці як яе ні назавем, на падставе якой не толькі спрабуюць прыцягнуць сімпатыі, але і вярбуюць моладзь для нейкіх агрэсіўных дзеянняў», — сказаў Малюкявічус.

Паводле яго слоў, менавіта псіхалагічная апрацоўка маладых людзей можа быць вельмі шкоднай. «Перш за ўсё, прамываюцца мазгі. І тады людзі ідуць на смерць дзеля ідэі», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?