Пытанне палітзняволеных па-ранейшаму застаецца перашкодай на шляху супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЗША. Аб гэтым заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Меліа 10 верасня журналістам у Мінску.

Паводле яго слоў, пытанне аб палітзняволеных уздымалася ў ходзе сустрэчы міжведамаснай урадавай дэлегацыі ЗША ў МЗС Беларусі, якая адбылася 9 верасня. 

Меліа падкрэсліў, што пазіцыя Злучаных Штатаў застаецца нязменнай. «ЗША заўсёды заклікалі да вызвалення ўсіх палітзняволеных у Беларусі, — сказаў Меліа. — У нас таксама адбылася сустрэча са сваякамі палітзняволеных, на якой я запэўніў іх, што гэтае пытанне застанецца для нас важным». 

Адказваючы на пытанне БелаПАН, што па гэтым пытанні сказалі прадстаўнікі беларускага МЗС, Меліа адзначыў: «Іх пазіцыя на працягу некалькіх гадоў не мяняецца. Яны працягваюць называць іх «так званымі палітзняволенымі». І ўчарашняя заява МЗС (па выніках сустрэчы) адлюстроўвае тыя разыходжанні, якія ёсць у нас па гэтым пытанні». 

Нагадаем, у паведамленні МЗС па выніках сустрэчы не згадвалася аб тым, што яе ўдзельнікі абмяркоўвалі пытанне аб палітзняволеных у Беларусі. 

У МЗС з міжведамаснай дэлегацыяй ЗША, якая знаходзіцца ў Мінску з 8 па 11 верасня, сустрэўся намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў.

У сустрэчы ўдзельнічалі памочнік адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці Пэйдж Аляксандэр, намеснік памочніка міністра абароны ЗША Эвелін Фаркас, намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Томас Меліа, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, супрацоўнікі Дзярждэпартамента, рэгіянальнага аддзялення Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці і пасольства ЗША ў Мінску.

9 верасня з амерыканскай дэлегацыяй таксама сустрэліся прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны. Па яе выніках лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў БелаПАН, што міжведамасная дэлегацыя ЗША маніторыць сітуацыю ў Беларусі, але «дамовіцца уладам з амерыканцамі будзе цяжэй, чым з еўрапейцамі».

Праграмай візіту міжведамаснай дэлегацыі ЗША запланаваны таксама сустрэчы ў беларускіх міністэрствах абароны, эканомікі і адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?