У сваёй адозве ён патлумачыў, чаму вылучыўся на пасаду старшыні партыі і раскрытыкаваў Вячорку з Міхалевічам.

«Фронт у сённяшнім стане не здольны адстойваць незалежнасць Беларусі. І гэта ёсць галоўная прычына майго выбару», — заявіў Віктар Івашкевіч.

«Я ніколі не вызначаўся павышанымі амбіцыямі і з утварэньня БНФ працаваў на тых накірунках, якія былі вельмі неабходнымі, але ніхто іншы не рашаўся за іх брацца… Бо без усёй гэтай працы немажлівая паўнавартасная дзейнасць і барацьба Фронта за незалежнасць. Можна толькі абстрактна дыскутаваць паміж сабой», — лічыць палітык.

Па словах Івашкевіча, акрамя арганізацыйнай працы і забяспячэньня матэрыяльнага падмурку дзейнасці БНФ, пачынаючы з 2004 года ён увесь час вядзе «дыскусію з Вячоркам аб тым, што больш важна — ініцыятыва ці асцярожнасць. Вінцук заўсюды казаў, што галоўнае — не нарабіць памылак. Я перакананы у тым, што галоўнае — дзейнасць, падчас якой, натуральна, дапускаюцца памылкі і якая падпадае пад крытыку. Галоўнае — крытыку ўспрымаць і памылкі выпраўляць. Але ж, менавіта старшыня БНФ ёсць рупар публічнай палітыкі, а кіраўнік выканаўчай структуры — толькі выканаўца. Таму, у грамадскай свядомасці, БНФ усё больш і больш вызначаўся асцярожнасьцю і невыразнасцю. Дайшло да таго, што летам 2006 года фронт цалкам знік з медыйнай прасторы і грамадскай свядомасці, апынуўшыся ў цяні барацьбы за лідэрства паміж беспартыйным А.Мілінкевічам і камуністам С.Калякіным. А на Кангрэсе АДС 2007 года БНФ ледзь назбіраў неабходную колькасць дэлегатаў, каб утварыць самастойную фракцыю і быць прадстаўленым у прэзідыуме АДС».

Але, на думку Івашкевіча, «самая непрыемная сітуацыя пачалася тады, калі сябры БНФ пачалі шукаць сабе лідэра на баку. Аналізуючы гэтае становішча, я прыйшоў да высновы, што фронтаўцы пачалі разбягацца ў розныя «рухі» таму, што не бачылі ў кіраўніку БНФ таго, хто высока ўзняўшы сьцяг павядзе іх да перамогі. Але, каб весці да перамогі, неабходна вылучыць такую праблему і такое патрабаванне, якія былі б падтрыманыя большасцю беларускага народа».

«Сёння мы знаходзімся напачатку крызісу сацыяльна‑эканамічнай сістэмы лукашэнкаўскага рэжыму і узнікнення новых хваляў сацыяльнага пратэсту. У 2008 годзе мы абавязаныя ўзначаліць гэтыя пратэсты пад бел‑чырвона‑белым сцягам, бо інакш іх узначаляць крамлёўскія стаўленнікі пад сцягам аб’яднання з Расіяй», — заклікае палітык.

Івашкевіч вызначае ключавыя кампаніі наступнага года — за еўрапейскі выбар, за свабодныя выбары і выбарчая, «мэта якой стварэньне фракцыі БНФ у палаце прадстаўнікоў».

Што да супернікаў вы выбарах старшыні Партыі БНФ, то Івашкевіч кажа, што

«ні Вінцук Вячорка, ні Алесь Міхалевіч не здольныя дамагчыся лідэрства Фронту ў беларускім грамадстве, бо адзін прызвычаіўся хавацца ад персанальнай адказнасці за калегіяльнымі рашэннямі лідэраў АДС, а другі — за спінай Аляксандра Мілінкевіча. Абодвум больш даспадобы ціхія семінары, чым гучныя мітынгі. Абодва больш любяць закулісныя перамовы, чым публічныя дыспуты. Абодва больш занятыя барацьбой паміж сабой, чым выпрацоўкай планаў дзейнасьці для ўсіх фронтаўцаў».

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0