«Хунцы-10» — гэта кітайская копія расійскага комплексу С-300.
Кітайскае тэлебачанне ў прайм-тайм прадэманстравала новую версію комплексаў супрацьпаветранай абароны «Хунцы-10» (HongQi-10). Пра гэта піша пекінскае англамоўнае выданне Global Times.
На тэлевізійных кадрах зенітныя ракеты, выпушчаныя з караблёў і наземных мабільных установак, знішчалі паветраныя аб'екты.
«У якасці сродку абароны сістэма» «Хунцы-10» «здольная надзвычай хутка збіваць нізкалётныя ракеты, якія не могуць перахапіць лакальныя сістэмы абароны», — цытуе тэлеканал намесніка галоўнага рэдактара кітайскага выдання «Сучасныя караблі» Лань Юня.
Паводле яго словаў, ракеты «Хунцы-10» могуць знішчаць мэты нават на вышыні 1,5—10 м над узроўнем мора і наводзяцца на цэль за 10 секунд.
«Хунцы-10» будуць выкарыстоўваць для абароны караблёў на блізкіх дыстанцыях, а таксама ў лакальных сістэмах абароны, якая пакрывае большую зону дзеяння, але дзейнічае менш аператыўна.
Акрамя гэтага, «Хунцы-10» здольная абараняць наземныя сілы ад знішчальнікаў, беспілотнікаў і крылатых ракет.
Увогуле, «Хунцы-10» — гэта кітайская копія расійскага комплексу С-300, яго ў Паднябеснай выпускаюць па ліцэнзіі. Дамоўленасць пра гэта была дасягнута ў 1993. Тады ж кітайская армія атрымала першую тэхніку з Расіі. А ў 1995 пачаўся выпуск комплексаў на кітайскіх заводах.
З часам кітайцы пачалі выпускаць мадэрнізаваныя версіі сістэмы «Хунцы-15», «Хунцы-16», «Хунцы-17» і «Хунцы-18». Яны дасягнулі большай дальнасці. Некаторыя лічаць, што кітайскія мадыфікацыі С-300 пераўзышлі нават расійскі арыгінал.
Беларуская армія таксама мае на ўзбраенні расійскія С-300. Сама Расія вырабляе найноўшую версію С-400.
«Хунцы» ў перакладзе з кітайскай азначае «чырвоны сцяг».