СААТ «Камунарка» запусціць 12 верасня лінію па вытворчасці шакаладу з буйнымі дабаўкамі і начынкамі, паведаміла намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па вытворчасці Таццяна Сайганава.

На лініі вартасцю 4,3 млн еўра будуць вырабляць больш за 15 новых найменняў шакаладу. «Мы будзем выпускаць шакалад з такімі дабаўкамі, як сублімаваныя чарніцы, апельсінавая цэдра, а таксама малочны шакалад з фундуком, з фундуком і разынкамі, з салёным арахісам. Навінкі паступяць у продаж у сярэдзіне верасня — пачатку кастрычніка», — расказала Таццяна Сайганава.

Прадукцыйнасць лініі пры поўнай загрузцы складае 1 т прадукцыі ў гадзіну, да 15 т у суткі. Дзякуючы яе рабоце аб'ёмы вытворчасці шакаладу на прадпрыемстве павялічацца на 5,5 тыс. т да 23 тыс. т у год.

Таццяна Сайганава адзначыла, што ў 2015 годзе «Камунарка» ставіць перад сабой задачу павялічыць вытворчасць прадукцыі практычна ў два разы. Нядаўна на прадпрыемстве запусцілі новую вафельную лінію, у канцы верасня на фабрыку паступіць абсталяванне для новай могульнай лініі. Яе прадукцыйнасць складзе 1,5 т у гадзіну. На лініі будуць вырабляць суфле, тофі, нугу, жэле. «Акрамя таго, мы звярнуліся ў Мінгарвыканкам з просьбай выдзеліць нам пляцоўку па-за тэрыторыяй «Камунаркі», за горадам, дзе мы хацелі б арганізаваць вытворча-складскі комплекс. На яго тэрыторыі плануем размясціць цэх па першаснай перапрацоўцы какава-зярнят, а таксама лагістычны цэнтр і, магчыма, фірменны магазін, дзе будзем гандляваць оптам», — сказала намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці.

Яна падкрэсліла, што ўсе падраздзяленні прадпрыемства прыкладаюць максімум намаганняў для нарошчвання экспартных паставак. «На гэта цяпер працуюць усе службы кампаніі: тэхнолагі займаюцца смакамі, дызайнеры - распрацоўкай упаковак, актыўна працуе аддзел маркетынгу і рэкламы», — адзначыла Таццяна Сайганава. Аб'ём экспарту прадпрыемства плануецца давесці з цяперашніх 20 працэнтаў да 30 працэнтаў і больш.

СААТ «Камунарка» з'яўляецца вядучым вытворцам кандытарскіх вырабаў у Беларусі. Выпускае больш за 200 найменняў прадукцыі, штогод з'яўляецца 15-20 навінак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?