Расея перадала Украіне і Еўрасаюзу праект дакумента аб уступленні ў сілу пагаднення аб асацыяцыі.

Пра гэта паведаміў у сераду прэзідэнту Уладзіміру Пуціну міністр эканамічнага развіцця Аляксей Улюкаеў, пішуць «Ведомости».

Паводле яго слоў, дакумент дазволіць адначасова з пагадненнем увесці нормы, якія ўлічваюць пазіцыю Расіі.

Раней Расія прапанавала Украіне і Еўрасаюзу ўнесці змены ў тэкст ужо падпісанай дамовы аб асацыяцыі Украіны і ЕС або дадаткаў да яго — пра гэта ў канцы жніўня па выніках перамоваў Пуціна і прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі заявілі Улюкаеў і памочнік прэзідэнта Андрэй Белавусаў.

Але ні Украіна, ні Еўрасаюз правіць свае дамоўленасці не пагадзіліся. Пагадненне паміж Украінай і ЕС — гэта двухбаковыя адносіны, да якіх трэці бок у выглядзе Расіі не можа мець стасунку, казала памочнік вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан Мая Касьянчыч.

Змены ў тэксце «ускладнілі б стан нашых партнёраў», заявіў учора Улюкаеў, таму Расія прапануе Украіне змяніць парадак выканання пагаднення.

Па пагадненні аб асацыяцыі Украіна і Еўрасаюз дамовіліся пра абнуленне ўвазных пошлін на большасць тавараў. Пры гэтым пошліны будуць зніжацца паступова, для найбольш адчувальных катэгорый прадукцыі прадугледжаныя больш працяглыя пераходныя перыяды, тлумачыў прадстаўнік Еўракамісіі.

Зараз Расія прапануе падоўжыць тэрміны абнулення па 144 пазіцыях. Расію хвалююць пошліны на тавары, на якія прыпадае 4 млрд даляраў з 16 млрд даляраў, казаў раней федэральны чыноўнік, які ўдзельнічае ў перамовах.

Расія прапануе даць украінскім вытворцам магчымасць выбару паміж еўрапейскімі стандартамі і расійскімі ГОСТамі, а таксама карыстацца дзеючымі сертыфікатамі для санітарнага кантролю, распавёў Улюкаеў.

Нагадаем, у пятніцу ў Бруселі павінны прайсці трохбаковыя кансультацыі па пытаннях уступлення ў сілу пагаднення аб асацыяцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?