Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да дзвюх былых службовых асоб ААТ «Антасам», якія абвінавачваюцца ў крадзяжы грашовых сродкаў удзельнікаў долевага будаўніцтва жылога комплексу «Самацветы» пачнецца ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска 18 верасня.

Пра гэта паведамілі ў Вярхоўным судзе Беларусі. 

Дзеянні абвінавачваных кваліфікаваны на падставе ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры), ч. 1 арт. 427 КК (службовая падробка), ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў асабліва буйным памеры), ч. 2, 3 арт. 424 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якое мела вынікам прычыненне значнага ўрону правам і інтарэсам грамадзян і цяжкія наступствы ў выглядзе прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 216 КК (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу). 

Нагадаем, устаноўлена, што прычыненая дзеяннямі службовых асоб матэрыяльная шкода склала прыкладна 6 мільярдаў рублёў. Падчас следства забяспечана яе пакрыццё ў поўным аб'ёме. Накладзены арышт на маёмасць абвінавачваных больш як на 3,5 мільярда рублёў. 

З улікам устаноўленых следствам фактычных акалічнасцяў справы кампетэнтнымі органамі былі ўнесены істотныя змяненні ў праектна-каштарысную дакументацыю, упарадкавана размеркаванне грашовых сродкаў, ажыццёўлены шэраг іншых мерапрыемстваў, якія дазволілі завяршыць будаўніцтва жылой часткі і ўвесці яе ў эксплуатацыю ў канцы чэрвеня гэтага года. 

Крымінальная справа ў дачыненні да заснавальнікаў і службовых асоб будаўнічай кампаніі «Антасам» па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) была распачата КДБ Беларусі год таму. 

Тады паведамлялася, што з мая 2009 года па жнівень 2013 года дырэктар кампаніі ў змове з яе заснавальнікамі шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі завалодалі грашовымі сродкамі ўдзельнікаў долевага будаўніцтва, пералічанымі ў адрас «Антасама» на будаўніцтва кватэр у жылым комплексе «Самацветы» ў Фрунзенскім раёне Мінска, што мела вынікам прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры. 

Дома ва ўказаных асоб і ў офісах падкантрольных ім камерцыйных структур супрацоўнікамі КДБ было выяўлена і канфіскавана каля 18 кг золата ў злітках Нацыянальнага банка Беларусі. У падазроных устаноўлена наяўнасць дарагіх аб'ектаў нерухомасці і транспартных сродкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?