Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заяўляе, што знойдзена рашэнне адносна таго, як Украіна зможа сумясціць зону свабоднага гандлю з ЕС і зонай свабоднага гандлю ў рамках СНД.

Пра гэта Клімкін заявіў журналістам у Бруселі пасля трохбаковых кансультацый па імплементацыі Пагаднення аб асацыяцыі Украіна-ЕС у частцы зоны свабоднага гандлю ў фармаце Украіна-Расія-ЕС.

Паводле слоў Клімкіна, акрамя таго,

ЕС гатовы працягнуць дзеянне аўтаномных прэферэнцый і пакінуць адкрытым рынак для ўкраінскіх тавараў на бліжэйшую перспектыву — да 2015 года.

«Я хачу сказаць, што ЕС выказаў гатоўнасць, і цяпер працуе над важным рашэннем аб падаўжэнні да 2015 года аўтаномных прэферэнцый такім чынам, каб доступ да рынку ЕС для ўкраінскіх тавараў заставаўся адкрытым на бліжэйшую перспектыву. Пасля гэтага мы знайшлі рашэнне, якім чынам мы далей будзем працаваць у рамках зоны свабоднага гандлю з СНД і якім чынам сумясціць гэтыя дзве пазіцыі», — заявіў ён.

У сувязі з гэтым Клімкін выказаў падзяку ЕС за «унікальную прапанову адносна аднабаковага доступу ўкраінскіх тавараў да еўрапейскага рынку, якое дазволіць вытворцам эфектыўна падрыхтавацца да далейшай лібералізацыі і максімальна эфектыўнай рэалізацыі ўсіх палажэнняў пагаднення аб ЗСГ».

Акрамя таго, паводле слоў міністра, Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю будзе ратыфікавана без унясення зменаў.

«Такім чынам, у расейскага боку няма падстаў для прымянення абмежавальных мер да ўкраінскага экспарту ў сувязі з прымяненнем пагаднення. Мы працягнем трохбаковае ўзаемадзеянне па гандлёвых пытаннях», — падкрэсліў ён.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў еўракамісар па гандлі Карэл Дэ Гюхт. Прычынай такога рашэння, па словах еўракамісара, з'яўляецца «вельмі цяжкі стан эканомікі Украіны».

Па словах кіраўніка Мінэканамразвіцця РФ Аляксея Улюкаева, у ходзе абмеркавання бакі пагадзіліся, «што праблемы, пра якія заявіла Расія ў частцы імплементацыі Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і ЕС, існуюць і не з'яўляюцца надуманымі».

«Бакі пагадзіліся, што патрэбны час для таго, каб разабрацца з гэтымі пытаннямі, таму імплементацыя Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС пасля ратыфікацыі гэтага пагаднення будзе адкладзеная да канца 2015 года, да 31 снежня 2015 года», — сказаў Улюкаеў.

Разам з тым, гэтая дамоўленасць не азначае змяненняў у працэсе ратыфікацыі пагаднення. Хутчэй за ўсё пагадненне, як і абяцана, будзе ратыфікавана ў аўторак, але бакі не будуць яго прымяняць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?