Намеснік старшыні фракцыі блока Ангелы Меркель ХДС/ХСС у бундэстагу Міхаэль Фукс перасцярог урад Германіі ад аказання шчодрай дзяржаўнай дапамогі Украіне.

«Федэральны ўрад не можа разлічваць на тое, што сітуацыя ў гэтай крызіснай краіне гэтак жа, як у выпадку з Грэцыяй, стабільна палепшыцца за кошт грошай нямецкіх падаткаплацельшчыкаў, — сказаў ён у інтэрв'ю анлайн-выданню часопіса Der Spiegel, апублікаваным у суботу, 13 верасня. — У параўнанні з тым, што спатрэбіцца, каб утрымаць на плаву Украіну, дапамога Грэцыі была проста дробяззю. Гэта зусім іншыя маштабы».

Фукс — эксперт у сферы эканомікі — заклікаў Кіеў правесці карэнныя рэформы, якія б гарантавалі Украіне эканамічную будучыню і незалежнасць ад замежнай грашовай дапамогі. Нямецкі парламентарый лічыць неабходным рэфармаваць канстытуцыю ва Украіне і хутка выбудаваць сістэму незалежных органаў юстыцыі, якая дазволіла б утаймаваць шырока распаўсюджаную карупцыю.

Міхаэль Фукс таксама лічыць, што да санацыі абцяжаранай гіганцкімі абавязкамі краіны абавязкова павінна быць прыцягнутая ўкраінская эканамічная эліта.

«Нельга мірыцца з тым, каб украінскія алігархі скуплялі цэлыя вуліцы ў Лондане за дзясяткі мільярдаў, пры гэтым перакладаючы адказнасць за выратаванне сваёй краіны на нямецкіх падаткаплацельшчыкаў», — падкрэсліў ён.

Паводле ацэнак экспертаў, Украіне да канца 2015 спатрэбіцца замежная дапамога ў памеры 19 млрд еўра. У гэтай сувязі Фукс заклікаў Германію задумацца пра тое, што яна можа сабе дазволіць.

На думку кансерватыўнага палітыка, ураду ФРГ, магчыма, ужо вельмі хутка прыйдзецца даказаць, што для яго на самай справе значыць Украіна.

Ён нагадаў, што краіне хопіць запасаў газу толькі да студзеня, і што Расія прыпыніла далейшыя пастаўкі паліва, паколькі Кіеў не расплаціўся за ўжо атрыманы газ. «Самае позняе, калі ў Кіеве згасне святло, а кватэры застануцца без ацяплення, мы ўжо не зможам адысці ад адказу на пытанне аб тым, на што мы гатовыя пайсці дзеля Украіны», — указаў Фукс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?