У рэчыцкай суполцы сведак Іеговы знайшлі цела падлетка. Паводле папярэдняй інфармацыі, Саша скончыў жыццё самагубствам.

Ці звязана смерць 16-гадовага школьніка з наведваннем гэтай рэлігійнай арганізацыі, альбо ў трагедыі іншыя прычыны, высвятляў карэспандэнт «Гомельскай праўды».

У каментары адмоўлена

Як такое магло здарыцца з падлеткам, які ўвесь час наведваў сходу афіцыйна прызнанай канфесіі? Што магло справакаваць Сашу на адчайны ўчынак, ды яшчэ ў доме, дзе служаць Богу? Такія пытанні збіраўся задаць кіраўніку рэчыцкіх сведак Іеговы. Аднак ён ад размовы з журналістам адмовіўся.

Пра гібель юнага сябра рэлігійнай арганізацыі лаканічна праінфармавалі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гомельскай вобласці. Яго афіцыйны прадстаўнік Марыя Крываногава паведаміла, што бачных прыкмет гвалтоўнай смерці не выяўлена. Назвала асноўную версію — самагубства. На гэта паказвае і перадсмяротная запіска, змест якой у інтарэсах даследчай праверкі пакуль не раскрываецца.

У Рэчыцы адразу пасля трагічнага выпадку пабывалі прадстаўнікі абласных структур, якія курыруюць працу з дзецьмі. Дзіця не знаходзілася ні на якіх прафілактычных уліках, адзначыў намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Яўген Міткевіч. Як распавяла старэйшы памочнік пракурора вобласці Вольга Шаўчэнка, хлапчуку падабалася дапамагаць айчыму-прадпрымальніку, а яшчэ гуляць у анлайн-гульні. Ён праходзіў медкамісію, каб служыць у войску, як яго старэйшы брат. Праўда, той яшчэ падлеткам з'ехаў з Рэчыцы да роднага бацькі ў Калінкавічы.

Падобных сумных выпадкаў з дзецьмі ў зарэгістраваных рэлігійных арганізацыях Гомельшчыны не змагла ўзгадаць памочнік пракурора вобласці Вера Замойская. А ў яе амаль 30-гадовы стаж працы ў пракуратуры.

Хто такія сведкі Іеговы?

Адным з асноўных іх дагматаў з'яўляецца палажэнне аб хуткім канцы свету. Яго сведкі Іеговы чакалі ў 1914, 1920, 1975, 1984 гадах. Ім забараняецца служыць ва Узброеных Сілах, салютаваць сцягу, удзельнічаць у выбарах, займаць якія-небудзь дзяржаўныя пасады. Усе дзяржаўныя арганізацыі прызнаюцца грахоўнымі і бескарыснымі. Каляды і Пасха не святкуюцца, не дазваляецца адзначаць і дні нараджэння. Сведкі Іеговы адпрэчваюць пераліванне крыві, нават у выпадку смяротнай небяспекі.

Дакучлівыя госці

Перад ад'ездам у Рэчыцу з дапамогай калегаў адшукаў водгукі нашых чытачоў пра іегавістаў. Так, у мінулым годзе Сяргей пакінуў каментар да артыкула «Як не з гэтага свету» на інтэрнэт-старонцы «ГП». Наракаў, што з-за сведак Іеговы губляе жонку. «Раней мы ўсёй сям'ёй дружна ўпрыгожвалі навагоднюю ёлку. У апошнім такім мерапрыемстве яна не ўдзельнічала, кажучы, што нічога дрэннага не робіць. Спрабаваў спрачацца, прыводзіў простыя доказы, але гэтыя людзі, як і мая жонка, ужо сляпыя», — шкадаваў Сяргей.

Яшчэ адзін чытач «ГП» падзяліўся сваім вопытам зносін з прапаведнікамі. У Гомелі пару гадоў таму Юрый знайшоў ў кватэры ў сваёй 90-гадовай бабулі літаратуру сведак Іеговы. Дачакаўся распаўсюджвальнікаў і папрасіў іх не турбаваць пажылую жанчыну. Аднак праз некаторы час яны зноў з'явіліся з буклетамі. На гэты раз гамяльчук прыгразіў міліцыяй. Пра іегавістаў у пад'ездзе не было чуваць каля двух гадоў. І вось на днях дакучлівыя госці зноў угаворвалі пажылую жанчыну ўпусціць іх у кватэру для «душэўнай» гутаркі.

У органы мясцовай улады паступалі скаргі ад жыхароў на сведак Іеговы, адзначыў начальнік аддзела па справах рэлігій, нацыянальнасцяў і маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў. Часцяком заявы тычыліся распаўсюджвання рэлігійных матэрыялаў на вуліцах. За парушэнне Закона «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» у дачыненні да іх ўжываліся меры ўздзеяння. Членам гомельскай, калінкавіцкай і жлобінскай суполак выносіліся пісьмовыя папярэджанні, а светлагорскай (у іх канфіскавалі 533 асобнікі друкаванай прадукцыі і 39 кампакт-дыскаў) — штраф. У 2012 годзе было зафіксавана два такія выпадкі, у мінулым — тры, а ў гэтым - -адзін. Былі і сігналы аб нібыта выманьваньні іегавістамі грошай, але дадзеная інфармацыя не пацвердзілася.

Зона маўчання

У Гомелі сустрэўся з іегавістам з больш чым 10-гадовым стажам і распавёў яму пра Сашу з Рэчыцы. Мікалай узгадаў, як сам некалі перажыў прыступ істэрыкі ў школе. Здавалася б, усё было добра, вывучаў Біблію з ветлівымі людзьмі са сведкаў Іеговы. За атрыманне рэлігійных ведаў у суполцы нібыта нічога не патрабавалі наўзамен. Пры ім не абмяркоўвалі, хто якую суму ахвяраваў, але за пропаведзі даводзілася штомесяц даваць справаздачу. Адстаючых не саромілі прылюдна, а асабіста нагадвалі пра атрыманую імі чароўную праўдзу і мякка — пра служэнне. Прыводзілі ў прыклад лідараў абшчыны, якія ў штодзённых казаннях праводзяць практычна да 120 гадзін на месяц.

Значна пазней Мікалай зразумеў прычыны таго дзіцячага зрыву. Распавёў аб дзіцячым страху трапіць у лік тых, хто загіне ў канцы свету (паводле веры іегавістаў, выбраныя застануцца). Перажываў за блізкіх, якім наканавана загінуць у Армагедоне. Пастаянна дакараў сябе за гэта.

З часам яму прапанавалі павышэнне па духоўнай службе, але намякнулі, што трэба падцягнуць «вытворчыя» паказчыкі. І тут гадамі затоеныя супярэчнасці заявілі пра сябе ва ўвесь голас. Пра іх гамяльчук распавёў кіраўнікам сведак Іеговы, а тыя назвалі Мікалая адступнікам. Пасля чаго ўсе члены рэлігійнай суполкі адвярнуліся ад яго і перасталі з ім мець зносіны.

У суботу замест школы — пропаведзь

Усяго некалькі дзён 16-гадовы Саша не дажыў да пачатку заняткаў у выпускным класе школы, дзе правучыўся ўсяго адзін год. Разам з сям'ёй ён пераехаў бліжэй да дома рэлігійнай арганізацыі, у якую хадзіў з маці і айчымам. Новаму класнаму кіраўніку маці сказала, што яе сын па суботах наведвае сходы іегавістаў і ў школе з'яўляцца не будзе.

Як кажуць у школе, Саша любіў каммунікаваць з аднагодкамі, з задавальненнем абараняў гонар класа на спаборніцтвах, але вось у КВЗ і дыскатэках удзелу не прымаў. Напярэдадні трагічнай падзеі яму прапанавалі танчыць вальс у Дзень ведаў. Па словах педагогаў, ён шкадаваў, што пакуль не ўмее танчыць, але збіраўся навучыцца да выпускнога балю.

Пры згадванні прозвішчы Сашы працаўніца школьнага медпункта адразу ўзгадала хлопчыка. Паводле яе слоў, ён быў светлым, сонечным хлопцам.

Я бачыў аднакласнікаў, з якімі Саша вучыўся. Звычайныя хлопцы з падлеткавымі інтарэсамі. Некаторыя з іх нават не здагадваліся аб рэлігійных поглядах новенькага. А вось педагогі ведалі і здзівіліся, калі Саша не пакінуў лекцыю, якую вёў запрошаны ў школу праваслаўны святар.

Пачуццё віны

У той злапомны вечар Саша пайшоў наводзіць парадак у будынку суполкі сведак Іеговы, які праз дарогу ад яго дома. Праз пару гадзін айчым не змог трапіць у зачыненае знутры памяшканне. Калі дзверы адчынілі, дзіцяці ўжо не было ў жывых.

Ходзяць размовы, што ў некалькіх радках перадсмяротнай запіскі Саша патлумачыў апошняе рашэнне ўчынкамі, якія зневажаюць імя Госпада. Таксама ў акрузе кажуць, што хлопец не мог дараваць сабе грахоў, на якія звычайныя падлеткі наогул не звяртаюць увагі.

Сашавы суседзі выказалі здагадку, што хлопчык мог перажываць з-за нейкіх дзіцячых свавольстваў, якія аднаверцы лічылі грахоўнымі. Баяўся іх агалоскі і што гэта адаб'ецца на яго бацьках і блізкіх сябрах, з якімі наведваў прыход. Не выключана, што Саша ведаў, як паступаюць з грэшнікамі, то бок адступнікамі.

Я не мог не зайсці ў саму суполку сведак Іеговы. На будынку чамусьці няма нават шыльды. Некалькі разоў стукаўся ў зачыненую брамку, але ніхто не адчыніў. Пагаварыў з людзьмі, чые дамы ля будынка суполкі. Усе добра адзываліся пра хлопца і яго бацькоў. Уладальнікі сядзіб успомнілі час, калі пачалі ўзводзіць культавы будынак. Многія жыхары не хацелі, каб яго будавалі побач. Як адчувалі. Але ці не здарылася падобная гісторыя, калі б…

Хоць у гісторыі няма ўмоўнага ладу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?