Амерыканскі сенатар Бернард Сандэрс (ад штата Вермонт) ці не першым з палітыкаў краіны адкрыта заявіў аб сваіх планах на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў ЗША на выбарах ў 2016 годзе. «Я думаю пра тое, каб пазмагацца за пасаду прэзідэнта», - паведаміў ён у нядзельным інтэрв'ю тэлекампаніі NBC.

Сандэрс з'яўляецца незалежным сенатарам, фармальна не ўваходзіць у ніводную з палітычных партый, але пры галасаванні ў Кангрэсе звычайна блакуецца з дэмакратамі і ўдзельнічае ў працы іх фракцыі.

Таму, па яго ўласных словах, ён можа балатавацца на выбарах у 2016 альбо як незалежны кандыдат, альбо дамагацца вылучэння ад Дэмакратычнай партыі.

Лічыцца, што ў любым выпадку ён здольны скласці канкурэнцыю экс-дзяржсакратару ЗША Хілары Клінтан, якая разглядаецца як найбольш верагодны прэтэндэнт дэмакратаў на крэсла ў Белым доме.

У ЗША 73-гадовага Сандэрса адносяць да лібералаў, а сам ён неаднаразова называў сябе сацыял-дэмакратам.

Яго погляды, асабліва па такіх сацыяльна-эканамічных пытаннях, як неабходнасць ліквідацыі прорвы паміж багатымі і беднымі, падзяляюць многія амерыканцы. «Думаю, што любы кандыдат, які выступіць у абарону інтарэсаў працоўнага класа і сярэдняга класа і не пабаіцца кінуць выклік класу мільярдэраў у нашай краіне, зможа атрымаць на выбарах нядрэнныя вынікі», - сказаў ён у праграме NBC.

Калі Клінтан ўсё ж вырашыць балатавацца на прэзідэнцкую пасаду, то апярэдзіць яе на першасных выбарах сярод дэмакратаў Сандэрсу наўрад ці ўдасца.

А вось нанесці ёй шкоду і адабраць у яе галасы часткі незалежных выбаршчыкаў, незадаволеных ніводнай з палітычных партый, яму цалкам па сілах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?