Прадстаўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч прыбыла ў Беларусь з двухдзённым афіцыйным візітам.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе АБСЕ, Дуня Міятавіч сустрэнецца з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч. Падчас перамоў прадстаўнік АБСЕ мае намер абмеркаваць сітуацыю са свабоднай СМІ ў Беларусі.

Міятавіч таксама возьме ўдзел у аднадзённым семінары па ўзаемадзеянні органаў правапарадку і СМІ ў Беларусі, якія арганізуюць офіс прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ і беларускае Міністэрства замежных спраў. 

Апрача афіцыйных мерапрыемстваў запланаваныя сустрэчы Дуні Міятавіч з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і мас-медыя. 

Міятавіч неаднаразова выступала з крытыкай беларускіх улад наконт умоў працы журналістаў у краіне.

Апошняя яе заява, зробленая ў чэрвені гэтага года, была аб павелічэнні колькасці штрафаў, што накладаюцца на беларускіх журналістаў у апошнія месяцы за працу без акрэдытацыі. 

Беларусь па-ранейшаму лічыцца краінай з неспрыяльным рэжымам для працы СМІ. 

Так, у апошнім дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Індэкс цэнзуры» (штаб-кватэра ў Лондане), які быў прадстаўлены ў Мінску ў лютым гэтага года, гаворыцца: Беларусь застаецца краінай з адным з найбольш рэпрэсіўных медыяландшафтаў у Еўропе. А ў рэйтынгу свабоды СМІ краін Усходняга партнёрства (Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна), складзенага сёлета ў межах праграмы ЕС, Беларусь займае апошняе месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?