Беларускі бок гатовы да адкрытага, зацікаўленага, канструктыўнага дыялогу з офісам прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ,

заявіла намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына 15 верасня на семінары па ўзаемадзеянні органаў правапарадку і СМІ ў Мінску.

«Гэта ўжо далёка не першы прыклад нашага канструктыўнага ўзаемадзеяння са спадарыняй Міятавіч і яе офісам. Цяперашняе мерапрыемства з'яўляецца своеасаблівым працягам семінара-трэнінгу па пытаннях развіцця інтэрнэт-СМІ і анлайн-журналістыкі ў Беларусі, які быў паспяхова праведзены сумесна з АБСЕ ў ліпені мінулага года», — сказала яна. 

«Беларусь надае вялікае значэнне дыялогу з АБСЕ, свайму ўдзелу ў дзейнасці гэтай важнай рэгіянальнай арганізацыі і ўзаемадзеянню з яе інстытутамі, — запэўніла намеснік міністра. — У межах гэтай найбуйнейшай рэгіянальнай арганізацыі назапашаны значны экспертны патэнцыял, які мы зацікаўлены выкарыстоўваць для ўдасканалення нашага нацыянальнага заканадаўства». 

Медыйная сфера ў Беларусі «дынамічна развіваецца» і з'яўляецца «адным з прыярытэтных кірункаў узаемадзеяння з АБСЕ», заявіла Купчына.

Гэтая праца вядзецца, з тым каб выбудаваць «канструктыўнае паважлівае ў межах закона ўзаемадзеянне паміж журналістамі і праваахоўнымі органамі», а таксама «стварыць умовы для эфектыўнага выканання абодвума бакамі сваіх прафесійных абавязкаў». 

У сваю чаргу прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч зазначыла: такія мерапрыемствы неабходныя, каб «палепшыць адносіны паміж СМІ і праваахоўнымі органамі». Ідэя гэтага семінара ўзнікла падчас кантактаў АБСЕ з міністрам замежных спраў Беларусі. 

Міятавіч запрасіла ўдзельнікаў форуму «да адкрытай дыскусіі», якая «павысіць веданне журналістаў аб сваіх правах на збор інфармацыі».

«Журналісты адказныя за неўмяшанне ў падзеі, якія яны асвятляюць і за абазначэнне сябе ў якасці прэсы». Разам з тым сустрэча скіраваная на тое, каб «праваахоўнікі лепш разумелі сутнасць узаемадзеяння са СМІ». 

«Абодва бакі павінны працаваць разам, каб гарантаваць свабоду медыя ў Беларусі, — сказала Дуня Міятавіч. — Для гэтага павінна быць палітычная воля, жаданне ўрада. За апошні час колькасць затрыманняў [журналістаў] значна зменшылася, але нават калі будзе адзінкавае затрыманне — я буду ўзнімаць гэта пытанне». 

Прадстаўнік АБСЕ зазначыла таксама, што беларускае заканадаўства ў сферы СМІ «патрабуе ўдасканалення», і гэта той кірунак, па якім АБСЕ «будзе працягваць працаваць з урадам Беларусі», паралельна ўзнімаючы тэму бяспекі працы журналістаў. 

У аднадзённым семінары, які праходзіць сёння ў Мінску, бяруць удзел больш як дзесяць беларускіх журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства ўнутраных спраў, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце, міжнародныя эксперты, а таксама члены бюро прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ на чале з Дуняй Міятавіч, якая прыбыла ў Беларусь з двухдзённым афіцыйным візітам. 

***

Арганізатарамі форуму выступілі офіс прадстаўніка Арганізацыі па бяспецы і і супрацоўніцтве ў Еўропе па пытаннях свабоды СМІ і беларускае Міністэрства замежных спраў. 

Цягам дня ўдзельнікі мерапрыемства абмяркуюць такія пытанні, як СМІ і заканадаўства па выкананні грамадскага парадку, агульныя прынцыпы зносін паміж журналістамі і супрацоўнікамі праваахоўных органаў, а таксама разгледзяць спецыфіку працы праваахоўнікаў пры ўзаемадзеянні з работнікамі СМІ на аснове лепшай міжнароднай і сусветнай практыкі. Апрача таго, удзельнікі семінара ўзнімуць тэму вырашэння канфліктаў паміж работнікамі СМІ і супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?