Ля сталічнага Палаца спорту 20 і 21 верасня будуць працаваць тры кірмашы - стокавы, рыбны і сельскагаспадарчы,
паведамілі ў галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.
Першы ў Беларусі спецыялізаваны кірмаш стокавых нехарчовых тавараў пройдзе ў Мінску 20 і 21 верасня з 10.00 да 17.00. На гандлёвай плошчы больш за 6 тыс. кв.м будуць прадстаўлены каля 50 буйных айчынных прадпрыемстваў - вытворцаў швейных, трыкатажных, галантарэйных тавараў і абутку. Цэны для пакупнікоў на стокавай распрадажы будуць на 40-60 працэнтаў ніжэйшыя, чым у рознічнай гандлёвай сетцы.
Таксама ў гэтыя дні ля Палаца спорту пройдзе сельскагаспадарчы кірмаш, на якім прадставяць прадукцыю ўраджаю 2014 года, плодаагароднінную кансерваваную прадукцыю, а таксама шырокі асартымент каўбасных вырабаў, вэнджаніны і паўфабрыкатаў. Свежую сажалкавую і азёрна-рачную рыбу можна будзе набыць на спецыялізаваным кірмашы «Рыба Беларусі-2014».
Акрамя таго, у гэтыя выхадныя сельгаскірмашы арганізуюць у адміністрацыйных раёнах горада.
Так, 20 і 21 верасня яны адбудуцца ў Заводскім (па адрасе вул. Ташкенцкая, 19), Савецкім (у парку Дружбы народаў) і Цэнтральным (каля кінатэатра «Кіеў») раёнах. Толькі 20 верасня сельгаспрадукцыю будуць прадаваць у Ленінскім (скрыжаванне прасп. Ракасоўскага і вул. Пляханава), Маскоўскім (прасп. газеты «Праўда», 40), Кастрычніцкім (вул. Барамзіной, 10а), Партызанскім (бульвар Трактарабудаўнікоў), Першамайскім (вул. Русіянава, 1), Фрунзенскім (вул. Прытыцкага, 27) раёнах.
У галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама нагадалі, што сельскагаспадарчыя кірмашы выхаднога дня пройдуць у раёне Палаца спорту на працягу верасня-лістапада.
Кожная вобласць краіны прадставіць свае прадпрыемствы ў сталіцы два дні:
27 і 28 верасня - Брэсцкая, 4 і 5 кастрычніка - Віцебская, 11 і 12 кастрычніка - Гомельская, 18 і 19 кастрычніка - Гродзенская, 25 і 26 кастрычніка - Мінская, 1 і 2 лістапада - Магілёўская вобласці. На кірмашах можна будзе набыць мясную, малочную, рыбную, плодаагароднінную кансерваваную прадукцыю, агародніну, бульбу і іншую сельгаспрадукцыю па цэнах вытворцаў.-