Зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка анансаваў чарговую хвалю скарачэння колькасці гасударавых людзей. Аднак прыкарытныя сродкі масавай дэзынфармацыі чамусьці «пасаромеліся» пры гэтым апублікаваць вынікі папярэдняй грандыёзнай рэформы дзяржаўнага апарату, пасля якой так хутка спатрэбілася новая. Паспрабуем папоўніць такі прыкры прабел самастойна.

Для гэтага нам спатрэбіцца «Статыстычны штогадовік Рэспублікі Беларусь — 2014». У ім размясцілася цікавая табліца. Якая адлюстроўвае дадзеныя аб колькасці служачых дзяржаўнага апарату ў яго дарэформенным стане і пострэформенным.

Відаць, што ніякага 25%-ага скарачэння дзяржслужачых ні ў цэлым, ні па якой-небудзь асобнай катэгорыі не адбылося. Работнікаў усіх дзяржорганаў і арганізацый стала аж на 7,7% менш, а тых, хто валодае статусам «дзяржслужачага» — на 15,2%.

Больш за ўсіх разагналі дзяржорганы і арганізацыі, падпарадкаваныя Мясніковічу. У іх пералік уваходзяць разнастайныя міністэрствы, канцэрны, камітэты (акрамя сілавых), агенцтвы і іншыя структуры рэспубліканскага маштабу. Усяго кантынгент работнікаў Саўміна паменшаў на цэлых 16%, з іх дзяржслужачых — на 17,1%.

Другімі ў спісе пацярпелых апынуліся абласныя, раённыя і сельскія выканкамы разам з іх шматлікімі падраздзяленнямі. Плач Яраслаўны прагучаў у выкананні 12,6% работнікаў мясцовых органаў выканаўчай улады, на 15,5% парадзелі шэрыя шэрагі непасрэдна чыноўнікаў.

Кракадзілаву слязу ў перыяд перазменкі 2012—2013 гадоў пусцілі 8,1% занятых у дзяржаўных органах заканадаўчай улады. Колькасць дзяржслужачых, надзеленых правам прымаць да ведама дэкрэты і зрэдку праштампоўваць законы, знізілася на 7,5%. Паколькі ні склад пакорлівай «палаткі», ні «савета рэспублікі» не змяніўся, былі пушчаныя пад нож галовы са шматлікага натоўпу іх абслугі.

Наогул не заўважылі свіст куль над галавою сабратоў па ручцы і клавіятуры ў айчынных судах.

Самая цікавая сітуацыя па добрай традыцыі склалася ля ног гасударавых. Калі з утварэнняў, кіраваных камандантэ, з найвялікшым напружаннем атрымалася выпхнуць 13,5% чыноўнага складу, то колькасць работнікаў дзяржорганаў і арганізацый, падпарадкаваных альбо падсправаздачных асабіста кіраўніку дзяржавы, вырасла на 23,7%! Гэта значыць, 909 таварышаў з крышталёва сумленнымі вачамі не па-здрадніцку выгналі з хаты на мароз, а па-бацькоўску перавялі за штат чыноўніцкай службы. Вось ужо дзе — дзяржава для народа!

Увогуле, з нецярпеннем чакаем развіцця падзей вакол наменклатурнай гідры. Бо гідра, як вядома, адзіная жывёла, якая лічыцца навукай патэнцыйна несмяротнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?