Юрась Навіцкі, Тацяна Давыдзенка, Алесь Марчанка зь беларускім сьцягам у Кіеве каля станцыі мэтро «Алімпійская»

Юрась Навіцкі, Тацяна Давыдзенка, Алесь Марчанка зь беларускім сьцягам у Кіеве каля станцыі мэтро «Алімпійская»

Беларускія актывісты перадалі ахвяраваньні, сабраныя ў Менску для параненых украінскіх салдат.Сродкі, сабраныя на дабрачыннай акцыі салідарнасьці з украінцамі «Мы любім украінскі боршч», перададзеныя Тацяне Давыдзенка з суполкі «Вайна і слова». Дадаткова сабраныя па-за акцыяй 250 даляраў перададзеныя прадстаўніцтву «Валянтэрскай сотні» ў Кіеўскім шпіталі.

Тацяна Давыдзенка — фатограф і выкладчык. Яна пачала займацца валянтэрскай працай 19 лютага. Спачатку зьбірала лекі і мэдычныя матэрыялы.

Беларускі актывіст Алесь Марчанка перадаў Тацяне Давідзенка 704 даляры, 10 эўра і 65 грывень, сабраных на дабрачыннай акцыі салідарнасьці з украінцамі «Мы любім украінскі боршч», якая прайшла 9 верасьня ў сядзібе Партыі БНФ. Валянтэрка шчыра падзякавала беларусам і распавяла некалькі слоў пра дзейнасьць сваёй суполкі:

«Калі пачалася вайна, я і мая сяброўка, жонка беларускага пісьменьніка Сяргея Прылуцкага Алена Сцепаненка, мы зладзілі разавую акцыю — дабрачынны вечар, на якім паэты чыталі свае вершы. Тады было сабрана больш за 5000 грывень. Мы зь яшчэ некалькімі дзяўчатамі вырашылі праводзіць падобныя акцыі рэгулярна. Частку сродкаў зьбіраем праз такія акцыі, частку нам ахвяруюць людзі. Вось толькі ўчора была на Форуме выдаўцоў ва Львове, размаўляла з Сяргеем Жаданам, які перадаў 12000 грывень. 1000 эўра пералічыў зь Нямеччыны Юры Андруховіч. Спачатку мы зьбіралі толькі на параненых, але зразумела, што бінтамі вайну не выграеш, мы зьбіраем грошы на ўсё, што трэба для нашых хлопцаў. Наш знаёмы Андрэй з сябрамі разьміноўваюць вызваленую зямлю ад тэрарыстаў. Цяпер з прыходам восені часта патрэбныя цёплыя рэчы», — кажа Тацяна Давідзенка.

Дзяўчаты суполкі зьбіраюцца патраціць беларускія грошы на лекі і мэдычнае абсталяваньне для параненых. Паводле Тацяны, шмат параненых у трох кіеўскіх шпіталях, а таксама ў Днепрапетроўскім, у Львоўскім шпіталях. Частка лекаў і сродкаў будзе пераслана ў франтавыя шпіталі, дзе працуюць мэдыкі, якіх асабіста ведае Тацяна.

Сьпіс неабходных лекаў

Сьпіс неабходных лекаў

У Фэйсбуку створана адмысловая суполка «Вайна і слова». Там рэгулярна разьмяшчаецца празрыстая справаздача пра тое, куды расходуюцца сродкі. Яны ідуць на экіпіроўку сапёраў, на лекі і мэдабсталяваньне для параненых, побытавую тэхнікі, у якой маюць патрэбу шпіталі (часта патрэбныя тыя ж пралкі). Купляюцца рацыі, дальнамеры. Для тых, хто хоча зрабіць ахвяраваньне з-за мяжы, ёсьць міжнародны рахунак.

Алесь Марчанка перадае ахвяраванні Таццяне Давыдзенка

Алесь Марчанка перадае ахвяраванні Таццяне Давыдзенка

Яшчэ 250 даляраў, якія былі сабраныя для параненых украінцаў па-за акцыяй «Мы любім украінскі боршч» перададзеныя ў прадстаўніцтва «Валянтэрскай сотні», якая месіцца ў Галоўным вайсковым клінічным шпіталі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?