Украінскі парламент на закрытым пасяджэнні падтрымаў прэзідэнцкія законы пра асаблівы статус Луганскай і Данецкай абласцей і пра амністыю для ўдзельнікаў падзей на Данбасе.

Датэрміновыя мясцовыя выбары на тэрыторыях, якія падкантрольныя самаабвешчаным «ДНР» і «ЛНР», павінны адбыцца 7 снежня (выбары ва Украіне пройдуць 26 кастрычніка).

Тэрыторыі з асаблівым статусам на тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласцей, паводле закона, павінна вызначаць сваім рашэннем Вярхоўная Рада Украіны.

Таксама парламент зацвярджае фінансаванне, якое будзе накіроўвацца на аднаўленне і ўтрыманне асаблівых тэрыторый.

Народная міліцыя, якая будзе стварацца мэрамі абраных на выбарах гарадоў, складацца выключна з грамадзян Украіны, якія зарэгістраваныя ў адпаведных населеных пунктах.

Тэрмін дзеяння асаблівага статусу гэтых тэрыторый складае тры гады.

Прыняты таксама закон «Аб недапушчэнні пераследу і пакарання удзельнікаў падзей на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей».

Амністыя для актывістаў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» не будзе распаўсюджвацца на асоб, якія ўчынілі цяжкія злачынствы ці датычныя да падзення малайзійскага самалёта рэйса MH17.

Таксама амністыя не закране людзей, якія маюць дачыненне і абвінавачваюцца ў забойствах, замаху на жыццё дзяржаўнага дзеяча, дыверсіях, захопе закладнікаў, гандлі людзьмі, згвалтаванні і фінансаванні тэрарызму.

Пасля прыняцця законаў у закрытым рэжыме Вярхоўная Рада перайшла да адкрытага разгляду пытання аб ратыфікацыі Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?