У Вязынцы Маладзечанскага раёна ў 2013 годзе. Фота Валерыя Трацяка з архіву Край.бай
Фэст традыцыйнай культуры «Багач» зладзяць 20 верасня. У праграме мерапрыемства традыцыйныя спевы і танцы, майстар-класы, кірмаш рамёстваў і праца каваля.
Пра гэта Край.бай паведаміла прадстаўнік студэнцкага этнаграфічнага таварыства Марына Зуева. Па словах суразмоўцы, у гэтым годзе арганізатары плануюць прыцягнуць да восеньскага свята не толькі менчукоў, але і жыхароў рэгіёнаў.
— Студэнцкае таварыства арганізуе «Багач» другі раз. У гэтым годзе мы пастараліся ўдасканаліць святочную праграму. Так, — дадала яна, – будзе больш развіты кірмаш раместваў. А таксама у нас запланаваны традыцыйныя спевы і танцы, майстар-класы па выцінанцы і вырабу фігурак з травы, будзе працавать каваль.
Як патлумачыла Марына Зуева, падчас свята будзе рэканструяваны менавіта сам абрад «Багач». Пачатак свята запланаваны на 12.00, заканчэнне — на 17.00. Уваход платны.