Аляксандр Лукашэнка просіць Сусветны банк (СБ) пашырыць фінансаванне праектаў дарожнага будаўніцтва ў Беларусі.
На сустрэчы 16 верасня з віцэ-прэзідэнтам СБ па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Лорай Так, якая знаходзіцца з візітам у Мінску, Лукашэнка, у прыватнасці, сказаў: «Вельмі вас прашу, каб у плане пашырэння фінансавання, якое прадугледжваецца на гэты і наступны гады, былі выдзеленыя Сусветным банкам дадатковыя рэсурсы для будаўніцтва аўтамабільных дарог у Беларусі».
Паводле слоў Лукашэнкі, беларускія спецыялісты прадставяць Сусветнаму банку планы і праекты, у тым ліку па дарожным будаўніцтве. «Думаю, вы падтрымаеце іх. Тым больш гэта не столькі інтарэс Беларусі, колькі Еўрапейскага саюза, Расіі і Азіі, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Калі такая падтрымка будзе, гарантую, што праз тры-чатыры гады дарожная сетка, асабліва па мадэрнізацыі транспартных калідораў, стане шырэйшай у два разы і лепшай».
Лукашэнка адзначыў, што Сусветны банк аказвае Беларусі вялікую падтрымку ў будаўніцтве аўтамабільных дарог.
«Сусветны банк разумее, што Беларусь з'яўляецца транзітнай дзяржавай, і ад таго, якія тут будуць дарогі, будзе залежаць эфектыўнасць эканомікі як Усходу, так і Захаду», — падкрэсліў ён.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у Беларусі прынятыя пэўныя праграмы на 2014 і 2015 гады «з прыстойным аб'ёмам фінансавання». «Але Сусветны банк паабяцаў, што гэта фінансаванне можа быць яшчэ шырэйшым. У сувязі з тым, што іншыя суседнія транзітныя дзяржавы паміж Еўропай і Усходам цяпер у цяжкім становішчы (асабліва Украіна), Беларусь з'яўляецца найбольш прывабнай краінай транзіту», — адзначыў Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што ў Беларусі прынятыя дадатковыя меры па будаўніцтве і мадэрнізацыі існуючых транспартных калідораў паміж Еўропай і Азіяй.
Беларусь таксама зацікаўлена і ў падтрымцы Сусветным банкам іншых праграм, дадаў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў СБ за супрацоўніцтва і за ацэнку, дадзеную Беларусі ў штогадовай справаздачы Сусветнага банка.
«Скажу адкрыта, мы спецыяльна не працуем, каб спадабацца ўсім у свеце, але хацелася б, каб мы Сусветнаму банку падабаліся», — заявіў Лукашэнка.
Ён не выключыў, «што над дзейнасцю Сусветнага банка пераважаюць нейкія палітычныя фактары». «Але тое, што Сусветны банк з'яўляецца найменш палітызаванай фінансава-эканамічнай структурай, — гэта факт, пра гэта гавораць тыя праекты і праграмы, па якіх мы з вамі супрацоўнічаем», — лічыць Лукашэнка.
Ён адзначыў вялікую дапамогу СБ у мадэрнізацыі энергетычнай базы Беларусі. Гэта, паводле слоў Лукашэнкі, дало магчымасць значна прасунуцца ў энергаэфектыўнасці, а таксама ў пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
«Мабыць, ніхто нам больш не дапамагае, чым Сусветны банк», — сказаў Лукашэнка і дадаў: «Беларусь адкажа на гэта дабром».