Можна сказаць, што з некаторай нават палёгкай сустрэлі жыхары Рэспублікі Малдова паведамленне кішынёўскага штотыднёвіка «Ziarul de Garda» аб тым, што кіраўнік мясцовай мітраполіі Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Кішынёўскі і ўсяе Малдовы Уладзімір быў заўважаны на адпачынку з таямнічай бландзінкай.

Праваслаўная грамадскасць рэгіёну ў сваіх электронных каментарах да журналісцкага расследавання, якое было апублікаванае 11 верасня, адкрытым тэкстам выяўляла ўхваленне: «Наш-то, дзякаваць Богу, не п…р!» Улічваючы незвычайна моцнае цяпер «блакітнае лобі» у кіраўніцтве РПЦ МП, да якога залічвалі і мітрапаліта Уладзіміра, згаданая публікацыя выглядала хутчэй не як «жоўтая», а як цалкам сабе рэкламная. Бо нават сярод выкладчыкаў духоўных школ ёсць цяпер прыхільнікі вучэння аб тым, што зарок бясшлюбнасці, які даецца пры пострыгу ў манаства, нібы анулюецца пры архірэйскай хіратоніі.

Журналісцкае расследаванне не было складаным — яно складзена на аснове фатаграфій, якія Нэлі Ткачук — тая самая бландзінка — асабіста выклала на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Фотасесія паказвае яе і мітрапаліта Уладзіміра падчас святочных і забаўляльных мерапрыемстваў: вось уладыка ў падрасніку уручае Нэлі велізарную падарункавую скрынку, а вось яны разам ужо на пляжы — у купальных касцюмах, а вось на борце яхты — за смакаваннем трапезы і вінаў. Курортныя фоты датаваныя 2012 годам — адпачынак на турэцкім курорце Кемер. 

Журналісты без асаблівых праблем высветлілі з афіцыйных крыніц, што Нэлі Ткачук 47 гадоў, і яна з'яўляецца ўладальніцай прыватнай ахоўнай фірмы «Alfa-Nord», якая зарэгістраваная па адрасе адной з двух яе кватэр у Кішынёве. Акрамя гэтага, яна таксама валодае шыкоўнай вілай ў 5 кіламетрах ад сталіцы Малдовы, у мястэчку Бостанцы. Але вось што здзівіла: менавіта там пражывае мітрапаліт Уладзімір, нягледзячы на тое, што ў яго маецца афіцыйная рэзідэнцыя, а таксама ўласная кватэра ў Кішынёве. 

Віла Нэлі Ткачук акружаная высокім каменным плотам, але нават ён не схаваў ад жыхароў мястэчка сумесныя прыезды і выезды бялявай уладальніцы і мітрапаліта. Жыхары добраахвотна і з ахвотай распавялі журналістам свае назіранні.

Супаставіўшы атрыманыя звесткі з фотаздымкамі Нэлі Ткачук на яе старонцы ў «Аднакласніках», а таксама прыняўшы пад увагу той факт, што на мірское імя мітрапаліта Уладзіміра — Мікалай Кантаран — у Кішынёве зарэгістравана як мінімум дзве прыватныя фірмы, дзе ён фігуруе ў якасці ўладальніка і менеджара, журналісты звярнуліся ў прадстаўніцтва Праваслаўнай Царквы Малдовы па тлумачэнні. Ні адказу, ні якой-небудзь іншай рэакцыі не было. Дарэчы, матэрыялы аб камерцыйнай дзейнасці мітрапаліта газета апублікавала раней — 4 верасня, таму часу для фармулёўкі адказу было дастаткова.

Затое на наступны дзень пасля публікацыі генеральны дырэктар газеты «Ziarul de Garda» Аліна Раду атрымала тэлефонны званок з нумара фірмы «Alfa-Nord» ад нейкага спадара, які назваўся Русланам Ібрагімавым. Ён паведаміў, што ён з'яўляецца мужам Нэлі Ткачук і што ён «гэтай справы так не пакіне і будзе ў далейшым разбірацца паводле чачэнскіх законаў».

Гэтая займальная, хоць і без прамых пагроз, 14-хвілінная размова была запісаная і неадкладна перададзеная ў паліцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?