Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці могуць атрымаць права на ўдзел у дзейнасці Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Аб гэтым паведаміў 16 верасня ў Мінску дырэктар бюро прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Андрэй Рыхтар на пасяджэнні круглага стала з удзелам журналістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый. 

Паводле яго слоў, на чарговай канферэнцыі АБСЕ на ўзроўні міністраў замежных спраў у снежні гэтага года ў Швейцарыі плануецца прыняць дакумент, які, як мяркуецца, будзе «рэгламентаваць удзел грамадзянскай супольнасці ў дзейнасці АБСЕ». «Праект вельмі добры, паглядзім, якое рашэнне будзе прынята», — сказаў Рыхтар. 

Для беларускіх недзяржаўных арганізацый важным з'яўляецца пытанне ўдзелу ў дзейнасці нацыянальных і міжнародных структур. Так, старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Алена Танкачова адзначыла, што сёння беларускія недзяржаўныя грамадскія арганізацыі, якія застаюцца «ў пазіцыі незалежнай ацэнкі», фактычна «пазбаўлены магчымасці публічнай камунікацыі з урадам». 

Гэты тэзіс пацвердзіў і кіраўнік ліквідаванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. Ён адзначыў, што фактычна «адзінай пляцоўкай» для кантактаў незарэгістраваных арганізацый з беларускімі ўладамі з'яўляецца «сустрэча БДІПЧ у Варшаве». «У Беларусі ж такой пляцоўкі няма», — сказаў праваабаронца. 

Бяляцкі папрасіў прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуню Міятавіч і членаў яе бюро ўлічваць гэту сітуацыю і старацца «пасадзіць прадстаўнікоў [незарэгістраваных арганізацый] за круглы стол нароўні з усімі» пры любой магчымасці. 

Праваабаронца заявіў, што сёння роля АБСЕ ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне «пачынае ўзрастаць», і гэта звязана «з геапалітычнымі прычынамі». Паводле яго меркавання, гэта тэндэнцыя «будзе прыкметная і ў Беларусі», якая таксама з'яўляецца «часткай крызіснага рэгіёну». «У гэтай сітуацыі павінна быць і разуменне з боку АБСЕ, што цяпер гэта арганізацыя мае магчымасць паўплываць на тыя пытанні, якімі яна займаецца ў Беларусі», — сказаў Бяляцкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?