20 жніўня медработнік Алена з Мінска вярталася з Крыма дадому на беларускім цягніку. На мяжы з Украінай яе ссадзілі памежнікі, у пашпарт паставілі штамп аб забароне на ўезд у гэтую краіну тэрмінам на 3 гады.
Яна кажа, што ў такой абсурднай сітуацыі можа аказацца кожны.
«У беларускім памежным камітэце запэўнівалі, што ў нас не будзе праблем, калі мы ўедзем у Крым праз Расію, а выедзем — праз Украіну»
Алена паехала ў адпачынак у Крым на аўтамабілі з мужам і дзецьмі праз тэрыторыю Расіі, адпаведна ніякіх штампаў у пашпарце ім не ставілі. Паводле яе слоў, яна яшчэ да паездкі ведала, што вяртацца з паўвострава яна будзе адна, бо ёй трэба раней выходзіць на працу. Алена вырашыла ехаць на прамым цягніку «Сімферопаль — Мінск» праз тэрыторыю Украіны.
— І перш чым купляць гэты квіток у Мінску, мой муж патэлефанаваў у беларускі памежны камітэт і спытаў, ці могуць у мяне узнікнуць праблемы, калі я ўеду ў Крым праз Расію, а выеду праз Украіну. Яму сказалі, што да мяне як да грамадзянкі Рэспублікі Беларусь ніякіх пытанняў паўстаць не можа. Купляючы білет, я задала тое ж пытанне ў касах Беларускай чыгункі, і мне таксама сказалі, што праблем не ўзнікне.
Апошні раз Алена задала такое ж пытанне ўжо на вакзале ў Сімферопалі правадніку свайго цягніка перад адпраўленнем у Мінск. Па словах Алены, жанчына-праваднік сказала: «Што вы панапрыдумлялі!»
— А ўжо на мяжы ў Джанкоі расійскі памежнік мне сказаў, што мы можам з ім сёння сустрэцца яшчэ раз. На маё пытанне «чаму» ён адказаў, што мяне могуць зняць з цягніка на ўкраінскай мяжы і быў вельмі здзіўлены, што мяне пра гэта ніхто не папярэдзіў.
«Аказалася, што я «незаконна трапіла на акупаваную тэрыторыю Крыма», таму атрымала забарону на ўезд ва Украіну на 3 гады»
Праз 3 гадзіны цягнік спыніўся на ўкраінскім памежным пропуску Новааляксееўка.
— Зайшлі ўкраінскія памежнікі, і адзін з іх, паглядзеўшы мой пашпарт, спытаў, як я заехала на тэрыторыю Крыма. Я распавяла, як усё было. Пасля гэтага ён запрасіў мяне ў тамбур і сказаў, што яны лічаць Крым акупаванай тэрыторыяй, на якую я незаконна пранікла. На маё пытанне, як я павінна была ўязджаць у Крым, ён адказаў, што гэта варта было рабіць праз Украіну. А калі я ўжо і заехала на паўвостраў з боку Расіі, то, па яго словах, вяртацца павінна была таксама праз Расію.
У Новааляксееўцы Алене выдалі таксама такую квітанцыю
Алена кажа, што пакуль яна размаўляла з памежнікам, з правадніцай і пакідала цягнік, чула, як размаўлялі з людзьмі іншыя супрацоўнікі пагранслужбы.
— Жанчыну-расіянку гадоў 60 знялі з цягніка проста ў халаце i ў тапках, і ёй памежнік — хлопчык гадоў 20 — кажа: «Для мяне вас рускіх больш не існуе, я б вам вады не даў. Я б вас, с*кі, даўно пазабіваў. «І гэта кажа памежнік на мяжы! Яны там усе маладыя хлопцы, але столькі нянавісці ў вачах людзей я яшчэ нідзе не бачыла.
Такіх, як яна, аказалася, па словах Алены, яшчэ каля 5 чалавек: расейцы і мужчына з Беларусі.
Сведчанне вяртання ў Крым праз расійскі пункт пропуску ў Джанкоі
Алена вярнулася дадому праз Расію толькі праз 10 дзён. Кажа, што ў Крыме вялікая праблема купіць зваротны білет. Дарога да Масквы на аўтобусе абышлася ёй у 90 долараў, а вось вярнуць усё 800 тысяч за плацкарт Сімферопаль — Мінск наўрад ці ўдасца.
Пагранслужба Украіны: «Грамадзянка Беларусі была знятая з цягніка на падставе закона»
Па тлумачэнні мы звярнуліся ў Азова-Чарнаморскае рэгіянальнае кіраванне Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, у падпарадкаванні якога знаходзіцца пункт пропуску Новааляксееўка. Там нам распавялі, што грамадзянка Беларусі была знятая з цягніка і атрымала забарону на ўезд ва Украіну на падставе закона.
— Украінскія пункты пропуску ў Крыме з боку Расіі былі зачыненыя згодна з пастановай Кабінета міністраў Украіны, адпаведна, заязджаючы праз іх у Крым, чалавек парушае ўкраінскі закон. Памежнік меў рацыю, сказаўшы, што жанчына незаконна трапіла на акупаваную тэрыторыю.
Украіна прызнае Крым сваёй тэрыторыяй, але з-за акупацыі не можа забяспечыць памежны кантроль паміж паўвостравам і Расіяй. Адпаведна, згодна з украінскім заканадаўствам, заязджаючы ў Крым (гэта значыць на тэрыторыю Украіны) з боку Расіі і не атрымліваючы пра гэта адзнакі ў пашпарце, чалавек незаконна трапляе на тэрыторыю суверэннай дзяржавы.
На сайце амбасады Украіны ў Беларусі ёсць інфарманцыя аб тым, што адбываецца з замежнікам пры спробе заехаць на тэрыторыю Украіны з Крыма без адзнакі ў пашпарце.
Згодна з гэтай інфармацыяй, замежнаму грамадзяніну забараняецца далейшы рух, і ён вяртаецца альбо назад «на акупаваную тэрыторыю», альбо ў краіну, якая выдала яму пашпарт.
Падобныя правілы будуць дзейнічаць да «поўнага аднаўлення канстытуцыйнага ладу Украіны на часова акупаванай тэрыторыі», адзначаецца ў паведамленні.