Газета выйдзе толькі заўтра, але гэты тэкст ты чытаеш ужо цяпер. І калі яны тармазнуць наклад у друкарні ці проста адмовяцца яго друкаваць, то я ўжо іх апярэдзіў. Гэта не вельмі медыйна, але гэта спрацоўвае. Але ініцыятыва ўчынку за мной. І абавязкова купі газету заўтра пасля абеду. Бо ты ўсё роўна згубіш гэты лінк у закладках. Проста я не хачу працаваць у газеце, якую ніхто не чытае.

І ўжо позна пісаць беларусам у Беларусь з Таронта і Варшавы. Я сам для сябе ўсё вырашыў. Побач са мной мая жонка і дзеці, мае аднадумцы і спантанныя пацаны на раёне. І вашыя кніжкі і адозвы мне дапамаглі. Усё не дарэмна, але працуе не так.

А тут яшчэ гэты Brutto. Хлопцы, вы зразумелі, што адбылося? Сярога абнуліўся. Як рабіў гэта не адзін раз, ператварыўшы этапы свайго жыцця ў арт-праекты. У 93-м, яго, у дровы п'янага, неслі па Жодзіне пацаны пасля футбола. Ён не стаў з гэтым жыць, а проста кінуў. А ён бы мог не рабіць нічога, змірыцца з «Ляпісамі», цягаць нас праз акропалісы на канцэрты ў Вільню, бо тут іх усё роўна не дадуць правесці. І ўсе б былі задаволеныя. А можа, яму трэба было зрабіць тур для беларусаў замежжа? Ці граць у Чыжа на карпаратыве за неслабое бабло? Вы гэтага б хацелі…

Але ён зразумеў, што пара сканчаць, трэба абнуляцца і гуляць па-іншаму, але тое самае. Ён паклікаў нас у качалку і на турнік. І ведаеце — гэта самае геніяльнае і простае, што можа адбывацца ў гэтым дурдоме, дзе нічога нельга. Гэта круты арт-праект, які можа адрадзіць нацыю. Не верыце? А вось зрабіце 2 па 10.

Ён сышоў у качалку да сяброў. Спявае з імі пра гантэлі і пра бокс. Ён сышоў у андэграўнд з андэграўнду. Яго задзяўбло граць па 30 канцэртаў на месяц на 1/6 частцы сушы. Ён вярнуўся. Не, гэта не пра Зянона, адчапіцеся. Ён прыйшоў без гэтых грабляў у руках, на якія мы так любім наступаць. Ён паспрабаваў нешта з «Маніфестам». А цяпер ён прыйшоў да нас як трэнер. Гэта тое, чаго не хапала Беларусі ўжо даўно. Тут былі прарокі, рэвалюцыянеры, кандыдаты ў прэзідэнты і адзіныя кандыдаты ў прэзідэнты. Але трэнера не было. Гэта новы арт-праект. І ён дасць беларусу тое, чаго ніколі не даваў ніводны пясняр.

Brutto вяртае беларусу цела. Блін, сябры, ну не крута, га? Беларускаму мужыку — вярнуць яго беларускае цела, найлепшыя сябры якога — гантэлі і турнік. Па сталіцы тваёй краіны ходзяць дагледжаныя туркі ці італьянцы, а з'язджаюць адсюль з гонарам, што прыдбалі тое, што ў прынцыпе можа належаць табе. І таму на нашых вуліцах усё чыста, дафіга жаночай прыгажосці і мала мясцовых мужыкоў. Таму што адны мужыкі замыкаюцца ў сваіх рэзідэнцыях, а іншыя з пультам ад тэлевізара бухаюць на кухні.

А цяпер да Міхалка. Я хачу пагаварыць з ім проста зараз. У панядзелак ты кінуў выклік свайму пакаленню. Ты скалаціў крутую банду, запусціў свой праект і падкінуў мне нармальнага музла для турнічка. Ты папрасіў рэагаваць на гэта. Ок, але я таксама адсюль. І ты не ўлічыў, што тваё пакаленне ўжо не будзе на цябе рэагаваць. Ты проста з ім памыліўся. Я маладзейшы, і глядзі, што я падрыхтаваў для цябе. Твайму праекту два тыдні, а майму — тыдзень. Тыдзень таму на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі ананімная супрацоўніца проста адцэнзуравала мае працы. Замазала на фота квадрат фарбай. Усё, клініка! Мне сарвала гайкі. Я прынёс у Мастацкі музей (!) сваё мастацтва з вуліцы, дзе супрацоўнік ЖКГ валіць арт круцей за Малевіча, але сістэма паспрабавала яго абнуліць. Проста супрацоўніца музея ў адзін момант стала супрацоўніцай ЖКГ і паказала нам рэкурсію. Проста ў адзін момант музей ператварыўся ў вуліцу. Проста, як табе на канцэрце рубанулі святло…

Храм мастацтва пераўтварыўся ў дурдом. Што я павінен быў рабіць? Пазваць журналістаў, збіраць подпісы ў Саюзе мастакоў, зняцца з выставы? Але трэба было нечым адказваць. Трэ' было падыграць і зламаць чужы арт-праект, запусціўшы свой. І я пачаў гуляць. Я не забіў на тых людзей, якія мне паверылі. І няважна, што яны робяць праект у гэтым дзяржаўным музеі, які ўжо і не музей даўно. Бо сістэма абнуліла яго функцыю і задала іншую. Яны выцягнулі мяне з майго гета і прыцягнулі ў сваё. І я ім падыграў і пагадзіўся. Гэта было б тое сама, каб ты, Сярога, узяў з сабой комбік і сам прыехаў граць свайго «Гарэзу» на «Дажынкі» ў Пінск. Але ты, канечне ж, туды не паедзеш, ты, завалены мной, на падлозе свайго андэграўнду. Ты ўжо прапусціў адзін удар ад мяне ў гэтым арт-баі. Што было далей, Сярога? Я не стаў іграць твой праект і не папёрся на сцэну на адкрыцці музея, я не музыка і мне на сцэне не камфортна.

Проста там стаялі гэтыя дзядзькі-мастакі, якія таксама згадзіліся на ўдзел. Проста там стаяў адзін алігарх, які фінансаваў гэтую выставу, і адзін чыноўнік з мінкульту, які забараняў твае канцэрты. Сярога, ты чуеш гэта, лежачы там на падлозе? Проста сістэма зламалася, і я ёй падыграў. Проста мой праект, праект такога ж андэрдога, як і ты, прафінансаваў алігарх і мяне запрасілі ў Нацыянальны музей у мае 27 на выставу з барадатымі дзядзькамі за 50. Проста сістэма так спрацавала, і я аказаўся ў патрэбным кантэксце. Проста там адбыўся сістэмны злом і сістэма пачала капіяваць сама сябе — проста нехта замаляваў графіці на фота, на якім замалёўваюць графіці…

Сярога, ты думаеш, што прыплыў з братвой на востраў? Але гэта не востраў, гэта архіпелаг, і ён даўно ўжо заселены. І я даўно тут жыву, тут даўно мой праект. І я яго своечасова перафарматаваў і падключыў да твайго, а можа, я скраў твой праект і ўключыў у свой? Ты выдумаў гэты востраў, паставіў там з сябрамі свой рынг, але не ўлічыў адной важнай штукі. Ты не прыйшоў са свайго старога праекта з новым у абсалютны вакуум. Але табе прыемна адчуваць, што ты знаходзішся ў сістэме з блізкімі табе людзьмі. Ты можаш гуляць у свой андэграўнд далей, але гэта не будзе новым. Тут усе гуляюць свае андэграўндныя праекты. І ў гэтым уся праблема. Сядзець у сваіх праектах утульна і нармальна. Проста таму, што туды не залятае ўсякая фігня з іншай сістэмы. Проста таму, што гэта твой праект і ты яго кантралюеш — ты яго гаспадар і ўсё робіш правільна. І ты думаеш: гэтага ўжо дастаткова?

Твой бокс у 40 гадоў, гэта не мая лёгкая атлетыка ў 27. Ты прыйшоў у спорт з андэграўнду, а я прыйшоў у андэграўнд са спорту. Бачыш, як тут можна ўсё круціць? Што ты будзеш з гэтым рабіць, Сярога? Ты ўжо валяешся ў накдаўне. Ты гэтага не чакаў? Ты кінуў выклік свайму пакаленню, а табе адказала зусім іншае. Але гэта логіка спорту — у 27-гадовага больш шанцаў заваліць гэтага дзядзьку, якому за 40. Гэта проста лагічна. Змірыся з тым, што ты прасраў сваю маладосць, але паспеў пасля 30 абнуліцца і пражыць гэта яшчэ раз. А я і не губляў, мая маладосць тут са мной, і я яе танцую. За 20 гадоў ты зрабіў 3 крутыя праекты. Але я за тры ўжо запусціў 10 сваіх. І яны гуляюць і рэкурсуюць маімі ідэямі ў розных сістэмах. Мяне запрашаюць на выставы ў дзяржаўныя музеі. Я разваліў усе кантэксты вакол сябе, выдумаў заблытаныя праекты, і сістэма, якая варожая для мяне, ужо не можа мяне згуляць і надбудаваць нешта нада мной. Найлепшы часопіс свету па фатаграфіі ўключае мяне ў ТОП-30 маладых і перспектыўных фатографаў. Каго? Гэтага андэрдога з занядбанага краю? А зімой у амерыканскім National Geographic публікуецца мая карцінка пра Беларусь. І так, у мяне ўсё добра. Маёй жонцы з маімі дзецьмі зайздросцяць іншыя мамачкі з нашай пясочніцы на раёне. Але ў нас таксама шмат бытавухі, і мы не ведаем, як жа нам для шчасця паставіць гэтую дурную шафу ў нашай паўтарачцы. І што, ты зноў клічаш мяне ў свой андэграўнд?

Ты яшчэ ляжыш і аддыхваешся. Старычок, ты думаеш, я не счытаў лога твайго новага праекта з малпай і гантэлькамі? Ты думаў, што ты гэта прыдумаў? Я ўжо даўно тут так жыву — як малпа сярод людзей і як чалавек сярод малпаў. Я проста хутчэй пераключаюся кантэкстамі, выпадаю, абнуляюся і раблю гэта часам спецыяльна, каб падыграць. Няважна, чый ён — я магу з ім гуляць.

У мяне дастаткова мускулаў, пра якія ты спяваеш, але яшчэ больш мазгоў, якія ты не ўлічваеш. Ды паляжы, аддыхайся, яшчэ ёсць час і ты не прайграў. У нас проста спарынг. Проста ў гэтым баі ініцыятыва ў мяне, і ты ўжо «паплыў». Што ты з гэтым зробіш і хто табе дапаможа? Твой секундант Антон Кашлікаў, які тыпу ўчора ўзяў у цябе інтэрв'ю? Блін, рабяты, не ганіце мне і, Антон, не гуляй так фігова гэтую ролю журналіста, табе не дадуць за гэта прэмію, таму што я яе ўжо адабраў. Тыпу ты пазваніў Міхалку і тыпу ён табе даў інтэрв'ю? Не ганіце мне, чуеце? Я ведаю, што тут усё па-іншаму. Вы адна тусоўка, і Міхалок проста падключыў цябе да свайго Brutto. Проста вы некалі пазнаёміліся і проста вам прыкольна нешта муціць разам. Сярога, ты яшчэ паляжы, ты падыхай глыбей. І Антон, не трэба было ў канцы тэксту падпісваць сваё аўтарства прыгожым шрыфтам. Гэта адзін фіг не журналістыка. Гэта паўнейшае УГ у чужым арт-праекце. Хочаш потым уставіць такія ўчынкі ў сваё CV? Я цябе абнуліў, лепш бы ты падпісаўся Антон Матолька і зламаў мяне. Але я цябе перайграў і недзе там, у нізе, на падлозе Міхалок. 

Вы можаце яшчэ раз у «Першаку» выкласці яшчэ адзін альбом Brutto, ён мо і будзе круцейшы за першы і ты можаш праз тыдзень зноў тыпу пазваніць Міхалку. Вы стартанулі крутым праектам, але не заўважылі ўмоваў, якія могуць яго абнуліць і зрабіць падобным да кучы іншых. Як так выйшла?

Сярога, можаш устаць. Бо быў гонг, і ты зараз зразумееш, што адбылося і пачнецца другі раўнд. Я проста даў яму скончыцца, каб ты перадыхнуў. Я забраў твой праект і запакаваў у свой. У суботу я схадзіў на канцэрт мінскага «Партызана» і разыграў яшчэ адзін міні-праект. Я зняў там прыкольную карцінку з гэтымі гарэзамі. Гэтая карцінка пра іх маладосць, якую ты, Сярога, тупа прабухаў. Я сам паставіў яе на першую паласу «Нашай Нівы». Я сам прыдумаў такі загаловак з тваёй песні. Я сам, як апошні бухар з ЖЭСа, адцэнзураваў публічнасць тых гарэзаў і хуліганаў і прымаляваў там рознакаляровыя простакутнічкі. Ты думаеш, я проста пераносіў адзін праект на другі? Хо-хо. Я ведаю, што тыя рабяты з карцінкі таксама і твае рабяты. Але яны граюць у сваім праекце, і я яго не хачу парушаць. Я не хачу іх падстаўляць, «паліць» іх для КДБ ці пацаноў з менскага ці жодзінскага «Тарпеда». Я проста зрабіў разумней. За дзень да гэтага, у пятніцу ці чацвер мінулага тыдня, я зразумеў, што я такі самы, як і ты, а ты такі самы, як і я. І мне захацелася табе падгуляць. Я прыдумаў кліп для Brutto і захацеў сыграць у ім галоўную ролю. Проста ў маім арт-праекце склаўся гатовы сцэнар. Проста побач са мной былі людзі, каторыя мне паверылі і таксама, як і я, выпалі са сваіх праектаў і падключыліся да майго. Так, гэта таксама арт-праект, я яго проста вынес з іншага. З таго дурнога, які абнуліўся ў музейным храме ЖКГ. Я сам напісаў твайму сябру Гуркову пра гэта ў Фэйсбук. Бо, у прынцыпе, ён мой сябар таксама, але я не дарэмна траціў гэтыя гады, калі сядзеў і пісаў усякую фігню ў сацыяльныя сеткі. Я проста збіраў там людзей для сваіх праектаў. Гэта было прасцей, чым шляцца да іх у розныя гета. Некаторыя з іх мне паверылі, і мы ўсё выдатна зрабілі, абставіўшы ўсіх. І ўчора, пасля твайго інтэрв'ю Кашлікаву, Гуркоў даслаў мне паведамленне ў фб, каб я адправіў ідэю кліпа на [email protected]. Сярога, гэта ўжо другі накдаўн у гэтым баю. Я не буду туды пісаць.

Твой Brutto — гэта «Since 2014», а мая «Наша Ніва» — гэта «Since 1906». І я не проста так гэта ўсё замуціў. І ты не проста так спяваў песню на словы аднаго чувака, які працаваў тут галоўным рэдактарам сто гадоў таму. Я не проста так пішу гэты тэкст паверх фатаграфіі самога ж сябе, якую я разваліў на ўсю паласу. На ёй я дэманструю свае арт-праекты, падыгрываю і абнуляю. А карцінка ўвогуле была знятая больш за год таму. Не верыш? Правер гэта ў маім інстаграме. І ўсё склалася. Усё спрацавала. Нічога не дарэмна. І твой Brutto ўжо тут, я адабраў яго ў цябе і ўключыў у свой праект. Што ты будзеш з гэтым рабіць? Ты заўтра здымаеш свой чарговы кліп для Brutto. Адкуль я гэта ведаю? Ты мне гэтага не казаў. Я нашмат бліжэй да цябе, чым ты думаеш. Проста паглядзі на здымак і глянь, у якім шмоце я ганяю і хто яго робіць. Навошта я закрыў твар кнігай? Гэта проста іншы арт-праект. Праз два тыдні я лячу адкрываць яго з маімі сябрамі ў Берлін. А за спінай размаляваная сценачка — гэты праект вісіць цяпер у Мастацкім музеі. Хочаш расказаць мне пра аўтаномнае дзеянне? Ты ўжо вылецеў за канаты. Сярога, гэта накдаўн пры канцы другога раўнда. Ты не ведаеш, як у мяне гэта ўсё ўдалося, а я ўжо ведаю, што ты будзеш рабіць заўтра. Ты паставіў свой рынг на маім востраве. Ты падумаў, што зваліў ад усіх у свой новы андэграўнд на пусты востраў, а я яго абнуліў і кажу, што гэта ўжо не востраў, гэта цэлая краіна, і тут не ўсё ок, але я ўжо ведаю, як тут можна дзейнічаць. Учора ты кінуў выклік і абазваў мяне каментатарам тутбай і інтэлігентным цярпілам. А сёння ты валяешся за канатамі і сам стаў на маё месца. Ты можаш гэта толькі адкаменціць ці раструшчыць манітор. А газета з гэтым тэкстам выйдзе толькі заўтра, і ты нават не можаш яе парваць. Бачыш, як гэты андэрдог, з такім жа імем, як у цябе, усё тут разыграў? Што ты будзеш рабіць далей? Запішаш відос на тэлефон са свайго дома? Не, ты прайграў. Пагадзіся з гэтым. Ты так гучна сюды прыйшоў, што цябе трэба было проста і па-гарэзліваму абламаць. Але я не стаў ператварацца ў каментатара. І заўтра пасля здымак кліпа ты прыедзеш да мяне ў рэдакцыю, занюхнеш майго андэграўнду і паслухаеш, якую крутую ідэю я табе прапаную. Бо ты на маім востраве, сёння ты прайграў, і я дапамог табе ў гэтым і твой бой у адказ будзе ўжо на маёй тэрыторыі. Я зблытаў твой праект са сваім. Бо нам тут не падкінуць нейкага іншага выбару і мы будзем муціць арт, як гарэзы. І так, давай зробім прыгожа, і мне ў фб напіша Гуркоў і скажа, у колькі ты прыйдзеш. Бо я таксама круты андэрдог, і ў мяне заўтра а 14-й размова з кіраўніцтвам аднаго банка, якія будуць купляць у мяне прынты. Усё, можаш не чытаць гэты тэкст да канца.

Проста калі мы ўсе звалім з гэтай краіны ў свае гета, то тут стане тупа і паныла. Тут будуць вечныя дажынкі і дні горада. І «Панарама» а 21.00. І нам нічога больш не застаецца, як гуляць ва ўсе гэта і гарэзіць. І нікога ўжо не трэба пераконваць і трансляваць нашы сэнсы. Мы ўвогуле можам тупа замаўчаць, і яны самі прыйдуць да нас. Бо мы проста круцейшыя за іх, бо ім будзе проста прыемна стаяць побач з намі.

Гэты тэкст не мог напісаць Віця Марціновіч ці Альгерд Бахарэвіч. Яго напісаў беларускі фатограф з Жодзіна, які за тры гады ў «першай беларускай газэце з рысункамі» выдумаў сабе кучу ўсяго. Дзякуючы гэтай краіне і яе людзям. Дзякуючы іх апантанасці і дурноце. Бо, Віця, у мяне няма свайго трэнера па ёзе. У мяне проста ў двары рэдакцыі на вуліцы Залатая Горка ё турнік, і я толькі што зрабіў на ім сем падцягванняў і як мужык напісаў табе гэта. Я мог бы сказаць гэта на прэзентацыі тваёй кніжкі ў «Ў» пад белы вінчык, але там бы гэта выглядала поўнай фігнёй. Выбачаюся, Віктар, што так проста і неафіцыйна, але ты з Альгердам таксама тусіш у мяне на раёнчыку. Вы пішаце свае кніжкі, робіце прэзентацыі, на якія ходзяць адны і тыя ж людзі і сварыцеся ў сваім літаратурным палісадніку. Усё ок, так павінна быць. І ўсяго гэтага ўжо дастаткова і зашмат, каб пацаны вас не кінулі. Але трэба абнуляць і трапляць у іншы кантэкст. Па-іншаму з гэтага дурдома — ніяк. Ну, і турнічок таксама. Гэта прапанова падыграць арт-праекту Міхалка. І гэта не значыць, што я не вып'ю з табой дзе-небудзь 2 па 50 за беларушчыну. Проста цяпер працуе фармат 2 па 10, а не 2 па 50. І яго трэба гуляць і зацыкліваць.

Я закалябаўся чакаць нейкай там міфічнай Плошчы, каб гэта ўсё вам сказаць. Я абнуліўся настолькі, што перайграў гэты дурдом, які падаваўся мне музеем. Хлопчыкі і дзяўчынкі, я дэманструю моц беларускай культуры, яе сувязь з рэальнымі людзьмі і неадарванасць ад жыцця. Тую сістэму, якую выбудавала гэтае культурнае гета для нас саміх. Окей, мы гэтае месца не выбіралі… А вы скажаце: «Хлопча, што ты вярзеш? Ты аб'еўся спайсаў? Які арт-праект года? Тут дыктатура, крывавы рэжым і гаротная старонка». І я вам адкажу толькі адно: так, тут не дыктатура, тут неаранае поле арт-праектаў. Але трэба займацца тым жа самым, паглядзеўшы на калантытул зверху. Я цябе абнуліў. Дайце мне прэмію за арт-праект года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?