5 сьнежня Менгарвыканкам адмовіў прадпрымальнікам у правядзеньні 10 сьнежня акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы супраць прэзыдэнцкага ўказу №760. Гарадзкія ўлады прапанавалі заяўнікам плошчу Бангалор. Была дадзеная згода і на колькасьць удзельнікаў — да 5 тысяч чалавек. Прадпрымальнікі адмовіліся, сказаўшы, што згодныя толькі на Кастрычніцкую. Сёньня лідэры прадпрымальніцкага руху правялі прэс‑канфэрэнцыю з гэтай нагоды.

Леў Марголін адзначыў, што на сёньняшні момант у прадпрымальніцкім руху Беларусі існуе два пункты гледжаньня на вырашэньне праблемы.

«Першы прадстаўляе арганізацыя «Пэрспэктыва» з Анатолем Шумчанкам, якія дамагаюцца сустрэчы з прэзыдэнтам, просяць кіраўніка дзяржавы іх пачуць і адгукнуцца. Другая група — гэта тыя людзі, хто лічыць, што свае правы трэба абараняць сваімі ж сіламі. Мітынг 10 сьнежня адбудзецца на Кастрычніцкай плошчы, а не на Бангалоры, як бы некаторыя гэтага не хацелі. Гэта ня будзе адзінкавай акцыяй, мы будзем іх працягваць да той пары пакуль указ №760 ня будзе адменены», — кажа Л.Марголін.

Старшыня кампаніі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў лічыць, што наступны год стане лёсавызначальным для ўсіх дробных і сярэдніх гандляроў краіны.

«Указ №760 найбольш жорсткі за ўсе часы існаваньня ў Беларусі прадпрымальнікаў. Гэта ўказ працуе на спрашчэньне дробнага і сярэдняга бізнэсу на карысьць буйнога. Мітынг пратэсту 10 сьнежня — гэта наша абарончая рэакцыя. Ніякага асабіста піяру ні ў каго з нас няма — у нас адны мэты. Нават 100 чалавек у панядзелак на Кастрычніцкай плошчы — гэта ўжо нямала. 2008 год дасьць нам адказ ці застанецца ўвогуле ў Беларусі малы бізнэс», — лічыць В.Гарбачоў.

Па словах прадпрымальнікаў каля 60% гандляроў па ўсёй краіне ведаюць пра панядзелкавы мітынг. У рэгіёнах апошнімі днямі па рынках пачалі хадзіць прадстаўнікі спэцслужбаў і МУС, якія спрабуюць высьветліць, колькі чалавек зьбіраецца ехаць 10 сьнежня ў Менск. Так, учора ва ўласнай кватэры ў Гомелі ў аблогу міліцыянтамі была ўзятая Ірына Камінская, якія зьбіралася правесьці сход прадпрымальнікаў аднаго з гарадзкіх рынкаў.

Алесь Таўстыка, які толькі ўчора выйшаў з Акрэсьціна пасьля 7 сутак арышту, перадаў усім прысутным прывітаньне ад Руслана Луцэнкі, ён выйдзе на волю толькі ў суботу. Па словах Таўстыкі, апроч сацыяльных патрабаваньняў, на акцыі загучаць і палітычныя. Прынамсі, будуць агучвацца 12 патрабаваньняў Эўракамісіі да беларускіх уладаў. Ужо сёньня вядома, што сябры кампаніі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» налета будуць удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. «Толькі, калі нашы прадстаўнікі будуць у парлямэнце мы зможам неяк абараніць свае правы», — лічыць Віктар Гарбачоў.

Арганізатары не выключаюць, што 10 сьнежня ўсе подступы да Кастрычніцкай плошчы будуць перакрытыя АМАПам, у такім выпадку яны згодныя правесьці свой мітынг на пляцоўцы ля цырку, ці ў парку імя Янкі Купалы. «Самыя адчайныя нават абяцаюць усталяваць намёты на Кастрычніцкай», — кажа В.Гарбачоў.

Віктар Калей кажа, што апошнім часам пачаў хадзіць у двух швэдрах, бо адчувае небясьпеку трапіць на суткі.

Прадпрымальнікі заклікаюць усіх неабыякавых прыйсьці 10 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу а 12:00.

Зьміцер Панкавец


Мікалай Рамашын, Алесь Таўстыка, Віктар Гарбачоў, Віктар Калей, Аляксандар Макаеў
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0