18.09.2014 / 18:39

Дзесяць малавядомых фактаў пра ўз'яднанне Беларусі ў 1939 годзе

17 верасня 1939 года, 75 гадоў таму, савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. СССР подла падзяліў Усходнюю Еўропу з гітлераўскай Германіяй. Але для беларусаў і ўкраінцаў гэта парадаксальна азначала ўз’яднанне, гістарычны шанец. У гісторыі не бывае простых шляхоў.

У сённяшняй папяровай «Нашай Ніве» гісторык Анатоль Вялікі публікуе некаторыя раней невядомыя дакументы той пераломнай эпохі — пра механізмы дзеяння савецкіх спецслужбаў. А на сайце мы друкуем урыўкі з кнігі даследчыка Анатоля Трафімчыка «1939 год і Беларусь: забытая вайна», прысвечаную гэтай падзеі. Яна з'явіцца ў продажы ў бліжэйшыя дні.

«Наша Ніва» друкуе вытрымкі з кнігі: 10 цікавых поглядаў на падзеі таго часу беларускімі вачыма.

1. Беларусь і беларускі народ прымалі ўдзел у Другой сусветнай вайне з першых яе хвілін

За савецкім часам прынята было лічыць, што пунктам адліку стала 22 чэрвеня 1941, калі Германія напала на СССР, у склад якога ўваходзіла Беларусь. Аднак ці можна лічыць, што Савецкі Саюз не прымаў удзелу ў баявых дзеяннях да нападу на яго Германіі? Прынамсі дзве паўнавартасныя вайны Чырвоная Армія прайшла: спярша супраць Польскай Рэспублікі, трохі пазней супраць Фінляндыі. Адпаведна СССР стаў удзельнікам Другой сусветнай вайны 17 верасня 1939, калі Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. Паколькі ў складзе СССР знаходзілася Беларусь, а беларусы служылі ў Чырвонай Арміі, дык трэба прызнаць, што і Беларусь уступіла ў Другую сусветную вайну 17 верасня.

Заходняя частка Беларусі тым часам знаходзілася ў складзе Польскай Рэспублікі, а беларусы служылі ў Польскім Войску. Колькасць жаўнераў-беларусаў у шэрагах Польскага Войска з улікам мабілізацыі 1939 года ацэньваецца ў 70 тысяч чалавек. Беларусы прынялі дзейсны ўдзел у супраціве як вермахту, так і Чырвонай Арміі.

Жаўнеры Польскага Войска беларускай нацыянальнасці вяртаюцца дадому (прозвішчы і мясцовасць невядомыя).

2. Першыя нямецкія бомбы на беларускія гарады і мястэчкі зваліліся ў верасні 1939

Адразу пасля нападу Германіі на Польшчу авіяцыя люфтвафэ стала бамбардзіраваць найбольш стратэгічна важныя аб’екты, перадусім аэрадромы, чыгуначныя вузлы і нават звычайныя станцыі. У выніку пацярпелі, напрыклад, Гродна, Ліда, Кобрын, Баранавічы, Ганцавічы. Нямецкія самалёты даляталі практычна да польска-савецкай мяжы. У выніку бамбардзіровак былі забітыя і параненыя. Лік ахвяр, у тым ліку сярод мірных жыхароў, ішоў на дзясяткі.

Бамбардзіроўка Баранавіч, 15 верасня 1939 года.

Прычым бамардзіроўкам заходнебеларускіх населеных пунктаў і мірных жыхароў спрыяў Савецкі Саюз: па просьбе германскага боку ад 4 верасня з Мінска падаваліся спецыяльныя радыёсігналы ў якасці дапамогі для арыентацыі налётаў нямецкай авіяцыі. Такім чынам, Масква непасрэдна спрыяла знішчэнню нацыстамі заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх мірных, цывільных жыхароў, якіх у хуткім часе мелася «вызваляць».

3. Першыя баі супраць нямецкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі адбыліся яшчэ ў верасні 1939

Інфармацыю пра першую абарону Брэсцкай крэпасці ў савецкі час замоўчвалі. З 14 па 17 верасня палкі са значнай колькасцю беларусаў пад камандаваннем генерала Канстанціна Плісоўскага абаранялі крэпасць ад 19-га танкавага корпуса Гудэрыяна. Пасля таго, як супраціў стаў бесперспектыўным у сувязі з уступленнем на тэрыторыю Польскай Рэспублікі Чырвонай Арміі, абаронцы Брэсцкай крэпасці вырашалі пакінуць яе. Але ў ёй засталася купка дабраахвотнікаў на чале з капітанам Вацлавам Радзішэўскім. У хуткім часе давялося супрацьстаяць ужо савецкаму войску. У ноч на 27 верасня лічаныя жаўнеры паасобку выходзілі з акружэння. Аналагічным чынам паступіў і капітан Радзішэўскі, які прабраўся да сваёй сям’і у Кобрын, але неўзабаве быў знойдзены органамі НКВД і арыштаваны, пасля чаго ён згінуў навекі.

Нямецкія салдаты ўнутры Брэсцкай крэпасці 17 верасня 1939 года.

Сёння мала хто выяўляе нязгоду з тым, што падзел Польскай Рэспублікі адбыўся праз шчыльнае палітычнае і затым ваеннае ўзаемадзеянне ІІІ Рыма і ІІІ Райха. Але калі прызнаваць гэты тэзіс, варта пагадзіцца таксама, што і «вызваленне» «брацкіх народаў Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі» адбылося сумесна бальшавікамі і нацыстамі.

4. Першыя баі Чырвонай Арміі і вермахта адбыліся ў верасні 1939

20 верасня 1939 салдаты наступаючых армій упершыню сустрэліся. Не ўсюды тыя сустрэчы (з розных прычын) праходзілі цёпла. Ля Львова нават адбылася савецка-нямецкая сутычка з ахвярамі абодвух бакоў (фактычна першы бой паміж бальшавікамі і нацыстамі, калі не лічыць грамадзянскую вайну ў Іспаніі, дзе так ці інакш былі прадстаўлены абодва бакі). Мела месца нямецка-савецкая сутычка і на тэрыторыі Беларусі: 23 верасня ля Відамлі (цяпер Камянецкі раён Брэсцкай вобласці), часткі 10-й танкавай дывізіі вермахта абстралялі конны раз’езд разведбатальёна 8-й стралковай дывізіі. У выніку абстрэлу 2 чалавекі загінулі і яшчэ дваіх паранілі. У адказ з бронемашын разведбатальёна быў адкрыты агонь па нямецкім танкам, адзін з якіх быў знішчаны разам з экіпажам.

Гэтыя інцыдэнты, аднак, не перашкодзілі далейшаму развіццю прыязных стасункаў.

Да «сустрэчы на Эльбе» была сустрэча на Бузе. Праўда, саюзнік у чырвонаармейцаў восенню 1939 г. быў іншы.

5. Па тэрыторыі Заходняй Беларусі Чырвоная Армія ў верасні 1939 прасоўвалася з такой жа хуткасцю, як вермахт у чэрвені 1941

У гэтым падабенства паходаў бальшавікоў і нацыстаў па адной і той жа зямлі. Але ёсць і істотная розніца. Для параўнання адзначым, што тэхнікі падчас вераснёўскай кампаніі для заняцця Заходняй Беларусі Савецкім Саюзам было выкарыстана больш чым у чэрвені-ліпені 1941 г. Германіяй падчас акупацыі БССР. Між іншым хуткасць прасоўвання ў другім выпадку нават пераўзыходзіла савецкае наступленне, хоць сілы (прынамсі па колькасці) былі несувымернымі: калі Чырвонай Арміі супрацьстаялі астаткі Польскага Войска, дык вермахту летам 1941 г. супраціўляліся і па колькасці, і па якасці несаступаючыя сілы СССР.

Танкі Т-26 29-й танкавай брыгады Чырвонай Арміі ўваходзяць у Брэст. Злева — калона нямецкіх матацыклістаў

6. У немцаў была ідэя арганізаваць пад сваім пратэктаратам дзяржаўнае ўтварэнне пад назвай «Заходняя Беларусь».

Пасля нападу Германіі на Польшчу савецкія палітыкі вытрымлівалі паўзу. Чырвоная Армія чакала больш зручнага моманту для наступлення. Берлін знайшоў смеласць нават для свайго роду пагрозы: І. Рыбентроп заявіў аб магчымым спыненні вайны, калі Расія не пачне наступленне, і нават арганізацыі на ўсходніх землях Польшчы трох буферных дзяржаў – польскай, украінскай і беларускай.

Праект «аб’яднанай» Беларусі пад пратэктаратам ІІІ Райха.

Відавочна, аднак, што германскі бок далей пагроз і дыскусій у справе суверэнізацыі Заходняй Беларусі не мог пайсці.

Неўзабаве такую самую ідэю разглядалі бальшавікі напярэдадні наступлення 17 верасня. Але яна была адкінута. 28 верасня саюзнікі падпісалі дагавор аб дружбе.

7. Падзел Польскай Рэспублікі Масква разглядала як падзел Польшчы, а не ўз’яданне Беларусі і Украіны.

Чырвоная Армія ішла на Заходнюю Беларусь пад лозунгамі вызвалення кроўных братоў. Але напярэдадні пакта Молатава-Рыбентропа адной з галоўных высноў па дыпламатычных перагаворах з’яўляецца наступная: у іх не фігуравала Беларусі – ні як суб’екта, ні як — хаця б! — аб’екта.

Пра такія адносіны савецкага кіраўніцтва да аб’яднання Беларусі сведчыць далучэнне Заходняй Беларусі з вялікімі зменамі адносна яе першапачатковага тэрытарыяльнага абазначэння, а таксама шэраг іншых фактаў, у тым ліку выказванняў нямецкіх і савецкіх кіраўнікоў, накшталт:

  • «Господин Сталин лично говорил мне в то время, что он готов сделать уступки на севере пограничной линии, там, где она проходит через Белоруссию» (Шуленбург);
  • адной з першачарговых задач Крамля было «прибрать к рукам» дзяржавы, аднесеныя паводле пакта з Германіяй да сферы інтарэсаў Савецкага Саюза (Кагановіч).

Мапа перадачы часткі заходнебеларускай тэрыторыі Літве (паводле савецкай прэсы, кастрычнік 1939 г.)

Гэта было сімптаматычна для далейшага развіцця падзей. Беларусь як такая ўсплывала ў выключных выпадках – пры неабходнасці.

8. У верасні 1939 была спроба арганізацыі ўзброенага супраціву за незалежнасць Беларусі

Скептыкі могуць запытаць: незалежнасць ад каго? Адказ можа здзівіць: і ад Германіі, і ад СССР.

Яшчэ да нападу Германіі на Польшчу колішнія грамадоўцы (сябры БСРГ) распрацавалі ідэю стварэння Заходняй Беларускай Рэспублікі (ЗБР).Каб не дапусціць захопу гэтых тэрыторый вермахтам, пачаліся арганізоўвацца ўзброеныя атрады. Першы загад распачаць баявыя дзеянні датычыўся ўзяцця пад кантроль Пінска, у які планавалася ўвайсці 18 верасня. Але за дзень да штурму (вядома, з прычыны пераходу савецка-польскай мяжы Чырвонай Арміяй) аперацыя была адменена.

Пазней прыхільнікі ЗБР трансфармавалі сваю дзейнасць ў партызанскі рух. У далейшым беларускія нацыяналісты імкнуліся выкарыстаць сусветную вайну на службе фашысцкай Германіі, але не здолелі дасягнуць сваёй мэты.

 

Беларускія пісьменнікі ў часе ІІ Усебеларускага Кангрэсу ў Мінску, 27 чэрвеня 1944 г.: Валянцін Таўлай, Тодар Лебяда, Алесь Салавей, Масей Сяднёў, Сяргей Хмара, Уладзімір Сядура, Хведар Ільяшэвіч.

9. Як бальшавікі сталі «башлыкамі»

За лічаныя дні верасня 1939 сітуацыя для заходнебеларускага насельніцтва змянялася, прычым у бок чаканняў пераважнай яго часткі. А яно чакала святла з усходу. Неўзабаве нядаўнія польскія грамадзяне (перш за ўсё беларусы і яўрэі) шчыра віталі Чырвоную Армію і савецкую ўладу. Штампам стала паведамленне пра ўзвядзенне трыўмфальных брамаў у гарадах, мястэчках і нават сёлах.

Іл. Трыўмфальная брама ў гонар вызваліцеляў, узведзеная ў Брэсце.

Паводле ўспамінаў, многія беларусы чакалі перамен да лепшага, і чырвонаармейцаў называлі не інакш, як «нашымі». Але ў хуткім часе разглядзелі сутнасць вызваліцеляў і бальшавікі ў іх вуснах не без іроніі трансфармаваліся ў «башлыкоў». Больш за тое, зараджаліся надзеі на новых «вызваліцеляў» – у абліччы салдат вермахта. Яны з’явіліся летам 1941 г., і знайшліся такія, хто сустракаў іх з хлебам-соллю.

«Заходнікі» вітаюць чарговую ўладу.

З таго часу дайшла да нас вершаваная народная показка:

За царом –
Пілі чай з пірагом,
Як прыйшлі палякі –
Елі хлеб траякі:
Белы, чорны і ніякі!
А калі настаў савет –
Агледзела срака свет.

10. 17 верасня ніякага ўз’яднання Беларусі не было.

17 верасня 1939 г. з’яўляецца толькі датай, паводле савецкай тэрміналогіі, вызвалення, але ні ў якім разе не аб’яднання. Кіраўніцтва Савецкага Саюза на той час само яшчэ не ведала, ці будуць «крэсы паўночна-ўсходнія» ў адной рэспубліцы. Дэ юрэ паварот да варыянта, які ўрэшце ажыццявіўся, пачаўся 28 верасня 1939, калі паміж СССР і Германіяй была падпісана чарговая дамова аб дружбе і мяжы, якая прадугледжвала новую лінію размежавання на польскай тэрыторыі і сферы ўплыву адносна пакуль суверэннай літоўскай дзяржавы. 29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю пра прыняцце яе ў склад БССР. 2 лістапада 1939 г. афіцыйна Крэмль задаволіў тую «просьбу», што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубляваў Вярхоўны Савет БССР.

Фармальна аб’яднанне Беларусі адбылося толькі амаль праз два месяцы пасля «вызвалення». Але і гэта яшчэ не ўсё. Бо гэта – толькі юрыдычны бок справы. Фактычна аб’яднанне Беларусі адбылося яшчэ пазней, толькі пасля вайны. Рэч у тым, што праз нядаўнюю савецка-польскую мяжу не зрабілі вольнага перамяшчэння. Яна вельмі пільна ахоўвалася вялікімі сіламі памежнікаў. Атрымліваецца, што звычайныя людзі атрымалі магчымасць перасекчы былую савецка-польскую мяжу толькі падчас германскай акупацыі. З 17 верасня 1939 г. да канца чэрвеня 1941 г. гэта была фактычна мяжа беларуска-беларуская.

«Солдаты Красной Армии разбирают границу между Белоруссией и Западной Белоруссией». Так паведамляе надпіс на архіўным здымку пра мяжу, праз якую тады так і не зрабілі вольнага перамяшчэння.

Паводле: Анатоль Трафімчык, «1939 год і Беларусь: забытая вайна»