«Шаноўная Рэдакцыя! Калісьці вы пісалі пра рабочага лідара з Мікашэвіч, з «Граніта». Ён арганізаваў рабочых на абарону сваіх правоў, і яго папёрлі за гэта з завода. Я яшчэ падумаў: вось, наш Валенса. Тая самая гісторыя. Што з ім? Што ён робіць? Як склалася ягонае жыццё?» — спытаўся ў нас чытач Іван Ламаноўскі з Мінска.

У адной з паездак мы заехалі да Алега Стахаевіча — шафёра з «Граніта».

Алег Стахаевіч, фота Сяргея Гудзіліна, жнівень 2014.

Алег Стахаевіч, фота Сяргея Гудзіліна, жнівень 2014.

«Нас «абрубалі», звальнялі — людзей станавілася менш, але вынік гэта дало. Яны вымушаныя былі падняць заробак, — расказвае Стахаевіч. — А ўжо з лістапада 2012 па 15—17 мільёнаў атрымлівалі, пра што нават абвясцілі на БТ».

— Колькі ж цяпер зарабляе кіроўца БелаАЗа?

— І па 20 мільёнаў атрымлівалі, і больш, і менш — плата здзельная. За 200 рэйсаў (гэта не так і шмат) можна атрымаць 12,5 мільёна.

— Колькі чалавек у выніку пратэстаў звольнілі з «Граніта»?

— Ускосна звольнілі дзвюх жанчын, каб так паўплываць на іх мужоў­пратэстоўцаў, яшчэ 6 рабочых непасрэдна за ўдзел. Увесь раённы КДБ тут працаваў — распрацоўвалі нас. А як паказвае гісторыя з нашымі звальненнямі, судамі (ні адзін пазоў не быў задаволены), знайшліся б тысячы прычын адмовіць нам у рэгістрацыі.

— І назад нікога не ўзялі?

— Не. Спрабавалі ўладкавацца Мікалай Карышаў і Леанід Дубаносаў. Коля спрабаваў праз біржу працы: на «Граніце» было шмат вакансій па яго спецыяльнасці. Але яму адмовілі. Лёня таксама ад цэнтра занятасці туды паехаў — узяў накіраванне. Але адмовілі і яму. Я не хадзіў. Дарога ў Лунінецкім раёне чалавеку з прозвішчам Стахаевіч паўсюль закрыта: ні малодшы брат уладкавацца не можа, ні яго жонка. Але свет не замыкаецца ў межах раёна.

Мне іншага шкада! Усё, чаго мы дасягнулі тады, цяпер страчана. А дасягнулі павышэння заробкаў у пяць разоў і больш, з’явілася кампенсацыя за харчаванне, змена ў святочныя дні пачала аплачвацца так, як нідзе да гэтага ў Беларусі — у чатырохразовым памеры (на «Беларуськаліі» ў трохразовым атрымлівалі), у 5 і больш разоў павялічылася прэмія за эканомію матэрыялаў і паліва. Цяпер засталіся толькі больш­менш добры заробак, засталася надбаўка за харчаванне. Рабочыя дазволілі нават забраць у сябе паўгадзіны з працоўнай змены.

— Афіцыйны прафсаюз падчас пратэстаў неяк праявіў сябе?

— Яны ўзялі бок дэзынфармацыі.

— І якія высновы ты для сябе зрабіў?

— Каб дасягнуць максімуму, рабочыя павінны дзейнічаць дружна, у поўным адзінстве. Тады можна ў разы падняць і заробкі, і бонусы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?