Існуючая ў Беларусі эканамічная мадэль мае патрэбу ў паслядоўных і ўсебаковых рэформах, заявіла сёння на брыфінгу ў Мінску віцэ-прэзідэнт рэгіёна Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сусветнага банка (ВБ) Лора Так.

Яна знаходзілася з візітам у Беларусі 15—17 верасня для абмеркавання ходу рэалізацыі стратэгіі партнёрства Групы Сусветнага банка для Рэспублікі Беларусь і абмену меркаваннямі па ключавых кірунках доўгатэрміновых структурных пераўтварэнняў. Падчас візіту Лора Так сустрэлася з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам і іншымі прадстаўнікамі ўрада. 

Паводле яе слоў, кіраўнікі Беларусі выказалі зацікаўленасць у пашырэнні супрацоўніцтва з Сусветным банкам і атрыманні тэхнічнай дапамогі ў распрацоўцы доўгатэрміновай стратэгіі структурных пераўтварэнняў. 

«Рэспубліка Беларусь дасягнула значных вынікаў у сваім развіцці, некаторыя з якіх я ўбачыла падчас візіту. Несумненна, Беларусь валодае патэнцыялам для таго, каб стаць квітнеючай і канкурэнтнай эканомікай. Аднак для рэалізацыі гэтага патэнцыялу існуючая эканамічная мадэль мае патрэбу ў паслядоўных і ўсебаковых рэформах», — падкрэсліла віцэ-прэзідэнт СБ. 

«Мы бачым ролю Сусветнага банка ў аказанні аналітычнай і кансультатыўнай падтрымкі органам дзяржаўнага кіравання, а таксама ў даванні інфармацыі, заснаванай на міжнародным вопыце, якая можа спатрэбіцца пры распрацоўцы і рэалізацыі мер, скіраваных на структурныя пераўтварэнні, у тым ліку пры рэфармаванні сектара дзяржаўных прадпрыемстваў, стварэнні больш дынамічнага прыватнага сектара і ўмацаванні інстытутаў для падтрымкі інавацый і канкурэнцыі», — сказала Лора Так. 

Яна таксама паведаміла, што сустрэлася з прадстаўнікамі дзелавых колаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі, наведала шэраг прадпрыемстваў, якія адлюстроўваюць інжынерна-вытворчы патэнцыял краіны, і рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр, заснаваны ў межах праекта, які фінансаваўся СБ у канцы 90-х гадоў. Апрача таго, Лора Так азнаёмілася з вынікамі мадэрнізацыі аўтамабільнай дарогі Мінск — Гомель у межах праекта, падтрыманага СБ. 

Цяперашні візіт стаў першым афіцыйным візітам у Беларусь Лоры Так пасля ўступлення яе на пасаду віцэ-прэзідэнта рэгіёна Еўропы і Цэнтральнай Азіі СБ у верасні 2013 года.

З часу далучэння Беларусі да Сусветнага банка ў 1992 годзе агульная сума пазыковых сродкаў склала 1,14 млрд. долараў. Апрача таго, агульны аб'ём грантавага фінансавання склаў 25 млн. долараў. Цяпер інвестыцыйны партфель Сусветнага банка ў Беларусі ўключае пяць праектаў на агульную суму 648 млн. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?