Алена Лукашэвіч звярнулася ў «Салідарнасць» пасля публікацыі фота неадназначнай рэкламы моўных курсаў.

16 верасня каардынатар моладзевай сеткі прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook фота ўбачанай ім у Мінску рэкламы Цэнтра моўнай падтрымкі «Кул Скул».

У шапцы абвесткі змешчана прапанова вывучаць замежныя мовы ў цэнтры «Кул Скул». Ніжэй падаецца інфармацыя пра курсы для дзяцей, што ўключаюць вывучэнне англійскай, шведскай і беларускай мовы.

Такое спалучэнне — прапанова вывучаць замежныя мовы, а сярод іх і беларускую —выклікала адпаведную рэакцыю ў карыстальнікаў сацсетак, пераважна негатыўную.

Карэспандэнт «Салідарнасці» патэлефанаваў у «Кул Скул». У цэнтры паабяцалі перадаць інфармацыю кіраўніцтву і выказалі меркаванне пра некарэктна аформленую абвестку.

У аўторак, 17 верасня, фота рэкламы з’явілася на сайтах беларускіх СМІ.

Неўзабаве з карэспандэнтам «Салідарнасці» звязалася супрацоўніца цэнтра «Кул Скул» Алена Лукашэвіч. Яна расказала пра курсы беларускай мовы, каб зняць пытанні вакол ажыятажу, выкліканага рэкламай.

«Мы не пазіцыянуем беларускую мову ў якасці замежнай. Заўважу, што мы з’яўляемся цэнтрам моўнай падтрымкі, а не школай замежных моў.

Курсы на роднай мове мы арганізавалі па ўласнай ініцыятыве. Гэта стратна для нас, але гэта прынцыповы момант.

Мы хочам, каб нашыя дзеці ведалі беларускую мову, бо з гэтым у Беларусі вельмі складана», — патлумачыла Алена Лукашэвіч.

Па яе словах, курсы пачалі дзейнічаць толькі 15 верасня, рэклама з’явілася ў верасні. Пакуль што заняткі па беларускай мове не карыстаюцца папулярнасцю.

«Многія бацькі нас не разумеюць, але мы ўсё адно прапануем беларускую мову. Гэта наша культура, мы мусім ведаць родную мову. Пакуль што сітуацыя такая: групы па англійскай мове запоўненыя цалкам, а ў беларускамоўных займаецца па 2-3 дзетак».

Алена Лукашэвіч расказала, што ў беларускамоўных групах вядзецца падрыхтоўка да паступлення з пачатковай школы ў гімназію. А некаторыя бацькі запісваюць дзяцей з цікавасці.

«Заняткі праводзяцца ў гульнявой форме. Мы расказваем дзецям беларускія казкі, вывучаем геаграфію на роднай мове, арганізуем гульні. У мяне трое дзетак, дачка нядаўна прызналася, што на беларускамоўных занятках ёй нашмат цікавей, чым на курсах англійскай мовы».

Па словах супрацоўніцы цэнтра, да пошуку выкладчыка беларускай мовы яны падышлі сур’ёзна:

«Мы адбіралі з вялікай колькасці кандыдатаў. Былі нават навуковыя супрацоўнікі, але не ўсе ўмеюць працаваць з дзецьмі. Я кожнаму кандыдату казала, што наш выкладчык мусіць не толькі размаўляць па-беларуску, але думаць, і нават сны сніць па-беларуску. На сумоўе я брала сваіх дзетак — дзяўчынак 10 і 7 гадоў. І ў часе адной з гутарак з чарговым кандыдатам адна з сказала: «Ого, як цікава!» Так мы і знайшлі свайго выкладчыка».

На пытанне, што будзе з нашумелай рэкламай, супрацоўніца цэнтра патлумачыла наступнае. Дамова з мінскім метрапалітэнам заключана на два тыдні, гэтыя абвесткі застануцца ў ранейшым выглядзе. У дадзены момант ідзе праца над стварэннем сайта цэнтра. На ім будзе размешчана ўся інфармацыя.

Алена Лукашэвіч заклікае ўсіх жадаючых запісваць сваіх дзяцей на заняткі па беларускай мове. Яны праходзяць па адрасе: Мінск, вуліца Мар’еўская, 7а (каля кінатэатра «Мір»).

Тэл.: +375 44 500 88 21 (vel).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?