У Магілёўскай вобласці супрацоўнікі міліцыі затрымалі групу асоб, якія падазраюцца ва ўзброеным нападзе на фермера ў Чавускім раёне і яго выкраданні,

паведаміў 17 верасня на брыфінгу намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі УУС Магілёўскага аблвыканкама Алег Чарноў. 

Паводле яго слоў, злачынства было ўчынена ў ноч на 29 жніўня паблізу вёскі Хацкавічы Чавускага раёна, дзе жыве індывідуальны прадпрымальнік, які займаецца гадоўляй жывёлы, скупкай і продажам мяса, галоўным чынам у Расійскую Федэрацыю. «У ноч нападу, з 28 на 29 жніўня, ён выязджаў на сваёй машыне, гружанай мясам, у бок Смаленскай вобласці. Род заняткаў пацярпелага звярнуў на яго ўвагу злачынцаў — бізнес у яго быў добра пастаўлены, ён зарабляў грошы», — расказаў Чарноў. 

Паводле даных праваахоўнікаў, зламыснікі назіралі за домам фермера і перад нападам арганізавалі засаду на дарозе непадалёк ад Хацкавічаў. Пасля таго як жывёлавод на машыне спыніўся, яны пры дапамозе біты збілі яго, пераламалі сківіцу, з траўматычнага пісталета паранілі ногі. Звязаўшы пацярпелага, яны кінулі яго ў машыну і прыехалі да дома фермера. Там таксама з ужываннем гвалту да жонкі фермера выкралі грошы ў рознай валюце на агульную суму 167 млн. рублёў. 

29 жніўня звязанага фермера за вёскай знайшлі яго сваякі. 

«На чацвёртыя суткі былі ўстаноўленыя злачынцы, і іх затрымалі», — заявіў Алег Чарноў, адзначыўшы, што былі здабытыя рэчыўныя доказы, у прыватнасці маскі з прарэзамі для вачэй, траўматычны і пнеўматычны пісталеты.

Цяпер усе затрыманыя арыштаваныя і знаходзяцца ў СІЗА. У інтарэсах следства ён не стаў называць колькасць падазраваных. 

У дачыненні да арыштаваных следчыя органы распачалі тры крымінальныя справы, паведаміў журналістам начальнік следчага ўпраўлення УСК па Магілёўскай вобласці Аляксей Яршоў. Яны падазраюцца ў разбоі, учыненым з ужываннем цялесных пашкоджанняў, угоне з ужываннем насілля і выкраданні чалавека. У іх канфіскаваныя практычна ўсе скрадзеныя грошы, якія ўжо вернутыя пацярпеламу. Таксама арыштаваны аўтамабіль BMW Х5, які належыць аднаму з падазраваных, які, паводле даных следства, быў выкарыстаны пры ўчыненні злачынства. 

Паводле слоў прадстаўніка УСК, падазраваным ад 23 да 30 гадоў, толькі адзін з іх раней быў судзімы за крадзеж. 

Як сцвярджалі Чарноў і Яршоў, гэта група сфарміравалася нядаўна і была абясшкоджаная адразу пасля ўчынення першага злачынства. 

Такога дзёрзкага злачынства ў Магілёўскай вобласці не было даўно, адзначыў прадстаўнік следства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?