Мінгарвыканкам адмовіў актывістам руху «За Свабоду» Арцёму Ляве і Алесю Марчанку ў правядзенні 19 і 20 верасня пікетаў каля пасольства Расіі з патрабаваннем спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне. 

Фармальнай падставай для адмовы стала прыцягненне Марчанкі і Лявы да адміністрацыйнай адказнасці. 6 мая яны правялі каля пасольства РФ несанкцыянаваную акцыю салідарнасці з народам Украіны і супраць расійскай акупацыі Крыма, за што былі асуджаныя на пяць сутак арышту. 

Тым часам рух «За Свабоду» не мае намеру адмаўляцца ад планаў правядзення «каруселі пікетаў». Як паведаміў БелаПАН Арцём Лява, іншыя актывісты руху, якія не прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, падалі ў Мінгарвыканкам заяўкі на правядзенне пікетаў супраць вайны ва Украіне каля расійскага пасольства 25—26 верасня. Плануецца падача заявак на правядзенне аналагічных акцый і ў іншыя дні. 

Варта адзначыць, што грамадскія актывісты прадбачылі рэакцыю гарадскіх чыноўнікаў. Але, як заяўляў журналістам 9 верасня Алесь Марчанка, «калі знойдзецца шмат ахвотных, і калі падаваць заяўкі на правядзенне пікетаў кожны дзень, чыноўнікі Мінгарвыканкама будуць абавязаныя даваць адказы, прыдумляючы новыя тлумачэнні сваім адмовам». Важна «прымусіць чыноўнікаў выконваць Канстытуцыю і законы», падкрэсліваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?