Улады адмовіліся спыняць будаўніцтва на месцы масавых расстрэлаў яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны ў Валожыне, паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». 

Гэта вынікае з адказаў, атрыманых ад намесніка старшыні Валожынскага райвыканкама Іосіфа Ляшкевіча, намесніка старшыні Мінаблвыканкама Сяргея Неўмяржыцкага, намесніка кіраўніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Алега Маслава. 

«Ні пасведчанні відавочцаў тых падзей, ні патрабаванні правесці праверку, ні заклікі да законнага грамадскага абмеркавання праблемы не змянілі намеры ўлад дазволіць заасфальтаваць месца пахавання загінулых ад рук фашысцкіх захопнікаў», — заяўляюць БХД. 

«Усе чыноўнікі, як пад капірку, пішуць, што падстаў спыняць будоўлю няма, усё робіцца па законе, у адпаведнасці з мерапрыемствамі па святкаванні 70-годдзя вызвалення Беларусі. Галоўны аргумент у адказах улад на звароты людзей — грамадскае абмеркаванне ўжо праводзілася, і ніякіх заўваг і прапаноў ад грамадзян не паступала», — паведамляе прэс-служба. 

У той жа час у БХД адзначаюць, што ў аб'яве аб правядзенні грамадскіх слуханняў гаворыцца аб «праекце забудовы жылога квартала ў Валожыне», але немагчыма зразумець, пра які дакладна будаўнічы аб'ект ідзе гаворка. «Таму яшчэ ў лютым Валожынскі райвыканкам непрыметна правёў «ціхія слуханні», а яўныя парушэнні, у тым ліку неналежнае інфармаванне грамадства, не турбуюць цяпер нават пракуратуру», — паведамляюць у аргкамітэце партыі. 

БХД мае намер дамагацца паўторнага правядзення грамадскіх слуханняў па гэтых праблемах, у тым ліку і праз суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?