Сёлета ў Мінску будзе ўстаноўлена 1,5 тыс. кантэйнераў для паасобнага збору бытавых адходаў, паведаміла на прэс-канферэнцыі 17 верасня намеснік генеральнага дырэктара ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Галіна Гілевіч. 

Паводле яе слоў, у Мінску ўжо некалькі гадоў праводзіцца праца па паасобным зборы камунальных адходаў. «Вы бачыце каляровыя кантэйнеры на дваровых тэрыторыях для збору шкла, пластыку і макулатуры. Ужо ўстаноўлена 12 тысяч такіх кантэйнераў», — сказала Гілевіч. 

Плануецца набыць дадаткова два аўтамабілі для своечасовага вывазу адходаў, сабраных паасобна. Таксама на прадпрыемстве «Экарэс» плануецца ўстанавіць яшчэ дзве лініі сартавання, на якіх будуць апрацоўвацца паасобна сабраныя насельніцтвам адходы. 

Паводле яе слоў, летась у Мінску сабрана 780 тыс. тон бытавых адходаў. «Гэта праблема сур'ёзная і з пункту гледжання эканомікі, і экалогіі, і сацыяльнай. Яна не можа вырашацца аднабока, а толькі комплексна. Насельніцтва павінна разумець, што небязмежныя магчымасці любой дзяржавы ў плане рэсурсаў, мы павінны эканоміць і ў побыце, і на вытворчасці. Вучэбныя і інфармацыйныя праграмы павінны пачынацца са школьнага ўзросту, каб гэта было ўжо на ўзроўні свядомасці, што адходы трэба сартаваць і потым выкідваць у адпаведныя кантэйнеры», — лічыць Гілевіч. Яна, у прыватнасці, раіць для эканоміі прасторы кантэйнераў у пластыкавых бутэлек адкручваць коркі і іх змінаць, а таксама змінаць кардон. «Вываз гэтых адходаў ажыццяўляецца два разы на тыдзень, што эканамічна апраўдана», — растлумачыла яна. 

Гілевіч таксама паведаміла, што ЖРЭА даводзяць планы па зборы другаснай сыравіны. «Мы таксама працуем з рабочымі па комплекснай уборцы, якія збіраюць адходы і здаюць іх на перасоўныя прыёмныя пункты. Такім чынам яны за восем месяцаў атрымалі да зарплаты дадаткова каля 20 млн. рублёў. Я лічу, што такую працу жыллёвыя арганізацыі павінны развіваць як крыніцу дадатковых даходаў для людзей, якія маюць невысокую зарплату», — адзначыла Гілевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?