Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) байкатуе штогадовую канферэнцыю Еўрапейскай федэрацыі журналістаў у Маскве.

«Кіруючыся прынцыпамі кодэксаў этыкі Міжнароднай федэрацыі журналістаў і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», а таксама пачуццём глыбокай павагі да ўкраінскага народа, вымушанага весці на сваёй зямлі неабвешчаную вайну з сепаратыстамі, праўленне ГА «БАЖ» аднагалосна прыняло рашэнне ўстрымацца ад удзелу ў канферэнцыі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ), якая пройдзе ў лістападзе ў Маскве, на знак салідарнасці з украінскімі калегамі», — гаворыцца ў адкрытым лісце праўлення БАЖ, якая прадстаўляе Беларусь у EFJ. 

«Мы лічым канферэнцыю EFJ галоўнай падзеяй года ў свеце еўрапейскай журналістыкі. Таму ад імя сябраў нашай нацыянальнай арганізацыі мы выказваем нязгоду з правядзеннем гэтай канферэнцыі ў сталіцы дзяржавы, улады якой цягам апошняга часу мэтанакіравана спрыялі і спрыяюць разбурэнню этычных і прафесійных стандартаў журналістыкі», — адзначаецца ў лісце. 

«На нашых вачах у расійскіх медыях адбываецца бессаромная падмена інфармацыйнай функцыі сродкаў масавай інфармацыі маніпулятыўнай і прапагандысцкай, — заяўляе БАЖ.

— Беспрэцэдэнтная хваля дзяржаўнай прапаганды, якая абрынулася на жыхароў самой Расіі і ўсіх краін, куды маюць доступ расійскія СМІ, падрывае давер да медыйнага слова ўвогуле. <…> Відавочна, што ўлады Расіі наўпрост стымулююць гэты ганебны працэс, публічна і масава адзначаючы дзяржаўнымі ўзнагародамі найбольш актыўных удзельнікаў руйнавання базавых прынцыпаў аб'ектыўнай журналістыкі». 

«Менавіта таму нам падаюцца непераканаўчымі аргументы часткі еўрапейскіх калег, што ў гэты складаны для расійскай журналістыкі момант правядзенне штогадовай канферэнцыі EFJ у Маскве стане выказваннем міжнароднай падтрымкі расійскай журналісцкай супольнасці», — адзначаецца ў адкрытым лісце. 

На думку прадстаўнікоў БАЖ, «існуе высокая рызыка таго, што канферэнцыю EFJ скарыстаюць у прапагандысцкіх мэтах расійскія ўлады і ідэалагічна карумпаваныя масмедыя для ўзмацнення сваёй прапагандысцкай пазіцыі». 

«Аднак мы шануем пазіцыю тых сябраў EFJ, якія будуць у лістападзе ў Маскве бараніць прынцыпы свабоды слова і стандарты прафесійнай этыкі, і жадаем ім дасягнуць поспеху на гэтым шляху», — дадаюць аўтары ліста. 

«Мы смуткуем па расійскіх калегах, якія сталі ахвярамі неабвешчанай вайны, а таксама выказваем глыбокую павагу і салідарнасць з той часткай расійскай журналісцкай супольнасці, якая ў неверагодна складаных умовах трымаецца сёння праўды і прынцыпаў аб'ектыўнага асвятлення падзей. Мы ўражаныя іх мужнасцю і перакананыя, што прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць дапамогуць ім вытрываць і вярнуць давер да друкаванага слова і голасу медыяў як у краіне, так і за яе межамі», — гаворыцца ў лісце праўлення БАЖ. 

Пра няўдзел у маскоўскім форуме па стане на 17 верасня таксама абвясцілі Грузія, Венгрыя, Люксембург, Славенія, Украіна і Фарэрскія астравы. Афіцыйнага адказу пакуль што не далі Азербайджан, Бельгія, Балгарыя, Кіпр, Чэхія, Эстонія, Германія, Латвія, Македонія, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, паведамляе прэс-служба БАЖ. 

Збіраюцца ўдзельнічаць у ім Аўстрыя, Харватыя, Данія, Фінляндыя, Францыя, Вялікабрытанія, Грэцыя, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Чарнагорыя, Расія, Сербія, Іспанія, Швецыя, Швейцарыя і Турцыя. 

14 верасня прадстаўнікі Асацыяцыі польскіх журналістаў, Нацыянальнага саюза журналістаў, Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны і Незалежнага медыяпрафсаюза Украіны заклікалі сябраў EFJ не праводзіць кангрэс ў Маскве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?