Магілёўскі журналіст Алесь Буракоў накіраваў скаргу пракурору Магілёва на дзеянні міліцыянераў, якія канфіскавалі з яго кватэры і кватэры яго бацькоў чатыры камп'ютары без складання пратаколаў канфіскацыі. 

Нагадаем, раніцай 16 верасня сем супрацоўнікаў міліцыі правялі ў кватэры журналіста вобыск. Яны забралі два ноўтбукі, якія належаць жонцы Буракова. Таксама вобыск быў праведзены ў кватэры бацькоў Буракова, дзе міліцыянеры забралі два сістэмныя блокі камп'ютараў. У пастанове на вобыск указана, што Буракоў супрацоўнічаў з сайтам радыё «Нямецкая хваля» без акрэдытацыі. Пасля журналіст быў абвінавачаны ў незаконным вырабе і распаўсюджванні прадукцыі СМІ. 

«Канфіскаваныя рэчы былі ўнесены ў пратаколы агляду. Але паколькі я адмовіўся падпісваць пратакол агляду, то мне копіі гэтых пратаколаў не выдалі. Мой бацька Буракоў В.І., які прысутнічаў пры аглядзе, падпісаў пратакол агляду, але яму таксама не выдалі яго копію. Таксама не былі складзены пратаколы канфіскацыі. Таму ні ў мяне, ні ў майго бацькі на руках няма дакумента, які пацвярджае факт канфіскацыі ў нас указанай камп'ютарнай тэхнікі», — гаворыцца ў скарзе Аляксандра Буракова. 

Ён просіць правесці расследаванне ўказаных парушэнняў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а таксама паведаміць, якія рэчы былі канфіскаваны ў яго і ў яго бацькі. 

Нагадаем, 23 верасня журналіст абавязаны з'явіцца ў Ленінскі РАУС Магілёва, дзе яму паведамяць аб перспектывах яго адміністрацыйнай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?