Крымінальная справа ў дачыненні кіраўнікоў адной са сталічных фірм перададзена ў суд Фрунзенскага раёна Мінска. Грамадзянін Беларусі і двое расіян абвінавачваюцца ў арганізацыі незаконнай міграцыі. 

Як паведамілі ў МУС, аператыўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй высветлілі, што падазроныя ў канцы 2012 года зарэгістравалі ў Мінску і Мінскай вобласці некалькі суб'ектаў гаспадарання з мэтай укаранення незаконных у Беларусі схем аўтстафінгу. Гэта спосаб аказання паслуг, пры якім у распараджэнне замоўцы прадастаўляюцца работнікі, якіх наймае фірма. Пры гэтым прававых адносін з замоўцам супрацоўнікі не маюць, але выконваюць пэўныя работы на яго тэрыторыі. 

Добра ведаючы патрабаванні дзейнага заканадаўства аб прыцягненні замежнай працоўнай сілы ў Беларусь, а таксама аб парадку знаходжання замежнікаў у нашай краіне, абвінавачваныя арганізавалі незаконны ўезд у Беларусь і знаходжанне на тэрыторыі рэспублікі прыблізна 250 грамадзян Узбекістана, Таджыкістана і Кыргызстана. Замежнікаў накіроўвалі для выканання пэўных відаў работ на буйныя прадпрыемствы Мінска і Мінскага раёна. Цяпер усе яны добраахвотна пакінулі нашу краіну або былі дэпартаваныя. Злачынная схема дзейнічала да лістапада 2013 года. 

Крымінальная справа па абвінавачанні трох прадпрымальнікаў ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 371-1 КК (арганізацыя незаконнай міграцыі) і арт. 216 КК (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу) перададзена ў суд. Абвінавачваныя змешчаны пад варту. Ім пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?