Суда па адміністрацыйнай справе Марыны Малчанавай 18 верасня не адбылося. Журналістка заявіла, што ёй неабходны абаронца, і суддзя Наталля Чарапуха дала ёй некалькі дзён для заключэння дамовы з адвакатам. Наступнае пасяджэнне прызначана на 15.30 у аўторак.

Карэспандэнтку «Бобруйского курьера» Марыну Малчанаву абвінавачваюць у парушэнні артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу – незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ.

Бабруйская міліцыя ставіць у віну журналістцы яе публікацыю ў жніўні 2014 года на сайце тэлеканала «Белсат».

4 верасня на Марыну Малчанаву склалі адміністрацыйны пратакол. Як распавяла карэспандэнтка, падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько спачатку дазволіў ёй рабіць выпіскі з матэрыялаў справы, а потым стаў выхопліваць іх з рук, адбіраць зробленыя ёю выпіскі. Справу перадалі ў суд.

«Я пагартала матэрыялы справы, і пэўныя моманты мяне непрыемна ўразілі, - кажа Марына Малчанава. — Напрыклад, у адным з дакументаў са слоў падпалкоўніка Рудзько сцвярджаецца, што я сама справакавала канфлікт у аддзяленні УУС. Нібыта гэта я накінулася на яго, адабрала паперы, змяла іх і кінула на падлогу! Такой нахабнасці я не чакала. Сёння (18 верасня) я хацела зрабіць фотакопіі гэтых дакументаў, але суддзя Наталля Чарапуха не дазволіла. Мне прыйшлося літаральна лавіць старшыню суда ў калідоры, бо да яго ў кабінет мяне не пусцілі, каб узяць дазвол на капіяванне. Ён сказаў, што яму трэба падумаць да заўтрашняга дня».

Складанне адміністрацыйных пратаколаў супраць журналістаў, якія нібыта працуюць без акрэдытацыі на замежныя СМІ, набывае характар кампаніі.

Так цягам лета і пачатку восені ўжо супраць сямі беларускіх журналістаў міліцыяй былі распачатыя адміністрацыйныя справы за нібыта парушэнне парадку вырабу прадукцыі СМІ – працу без акрэдытацыі.

У той жа час усе міжнародныя журналісцкія арганізацыі заклікаюць улады Беларусі скасаваць анахранічны парадак акрэдытацыі, які парушае права на доступ да інфармацыі. Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч падчас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск 15-16 верасня 2014 г. таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці адмяніць абавязковую акрэдытацыю журналістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?