Беларусь часова абмежавала ўвоз жывёл з Каларада і Тэхаса, паведамілі ў дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча.

Паводле інфармацыі Міжнароднага эпізаатычнага бюро, на тэрыторыі штатаў Каларада і Тэхас Злучаных Штатаў Амерыкі былі зарэгістраваныя выпадкі захворвання жывёл везікулярным стаматытам. «У сувязі з гэтым уводзяцца часовыя абмежаванні на ўвоз у Беларусь з названых штатаў племянных, ужывальных, забойных коней і іншых непарнакопытных, буйной рагатай жывёлы, авечак і коз, свіней, а таксама эмбрыёнаў названых відаў жывёл», — паведамілі ў дэпартаменце.

Адначасова адмяняюцца ўсе раней выдадзеныя дазволы на ўвоз названых падкантрольных тавараў на тэрыторыю Беларусі з штатаў Каларада і Тэхас ЗША.

Везікулярны стаматыт - вострая інфекцыйная хвароба скаціны, якая характарызуецца ліхаманкай, утварэннем папул на слізістай абалонцы ротавай паражніны, языку, на скуры суставаў, вымя і міжкопытной шчыліны. Захворванне працякае ў выглядзе спарадычных выпадкаў і радзей эпізаатыі, паражае ад 5 да 90% (у сярэднім 30%) жывёл. Спосаб перадачы віруса цалкам не вывучаны. Хвароба звычайна назіраецца ў летні вільготны перыяд, супадаючы з масавай актыўнасцю кусачых насякомых. Крыніцай узбуджальніка з'яўляецца хворая жывёліна. Успрымальны да дадзенага захворвання і чалавек. Везікулярны стаматыт рэгіструецца ў краінах Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, асобныя ўспышкі адзначаюць у краінах Афрыкі, Азіі і Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?