У міжнароднай інтэрнэт‑алімпіядзе «Інтэрактыўная расейская», якая праходзіла ў межах году расейскай мовы, перамог грамадзянін Беларусі, Павал Кудрашоў. Другое месца заняла расейка, трэцяе — жыхарка Эстоніі.
Пераможца атрымаў галоўны прыз алімпіяды — прафэсійны ноўтбук з падтрымкай бесправадных сетак. За другое і трэцяе месцы прызэрам уручылі эксклюзіўныя падарункавыя выданьні расейскай паэзіі ручной работы — зборнікі Сяргея Ясеніна і Булата Акуджавы.
Прыём адказаў на заданьні алімпіяды, якая праводзілася цягам двух месяцаў, завершыўся 7 лістапада. Знаўцам мовы Пушкіна й Талстога прапанавалася расставіць правільны націск у словах, выправіць граматычныя памылкі, напісаць літарамі састаўныя лічэбнікі і праскланяць іх. Акрамя таго, яны мусілі прайсьці выпрабаваньні й па расейскай літаратуры.
Фіналістамі алімпіяды сталі 15 чалавек з васьмі краін сьвету, у тым ліку Ўкраіны, Ізраілю, Аўстраліі, Малдовы й Азэрбайджану. Усяго ў конкурсе ўзялі ўдзел больш за 4 тысячы чалавек з 40 краін.